“ЯШЧЭ ГУЧАЦЬ СЛАБЫЯ ГАЛАСЫ”

27 сьнежня 2007 г. Швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet” публікуе рэпартаж з “праваслаўнай Масквы”. Рэпарцёр радасна апісвае новыя і старыя будынкі РПЦ, успамінае, як пры саветах РПЦ была інфільтравана гэбістамі. А цяпер нават Пуцін трымае ў сваім кабінэце абраз. Трэба аддаць належнае, што на прыканцы рэпартажа швэдскі журналіст усё ж адлюстраваў размову са скептыкамі. Дырэктар Музэя Андрэя Сахарава Юры Самадураў патлумачыў эйфарычнаму швэду, што РПЦ цяпер бярэ на сябе ролю, якую ў савецкія часы меў ідэалагічны аддзел кампартыі. РПЦ ўзяла на сябе дзяржаўныя функцыі, якія яна мела пры цары. Рэпартаж завяршаецца цьвярозымі ацэнкамі Ю. Самадурава: “У нашай краіне царква сталася дзяржаўнай уладай. Гэта ёсьць трагічная памылка. Расея можа стацца праваслаўнай Саўдаўскай Аравіяй”.

Наш камэнтар: У Расеі яшчэ гучаць самотныя слабыя галасы тых, хто бачыць маштабы імпэрскай катастрофы.

Юрка Марозаў