НЕБЯСЬПЕЧНЫЯ ХАЎРУСЬНІКІ
3 сьнежня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” aпублікавала артыкул пад тытулам “Расейскі шпіянаж палюе на нямецкіх палітыкаў”. Абапіраючыся на публікацыі ў нямецкіх газэтах, аўтар паведамляе пра павышаную актыўнасьць расейскіх спэцслужбаў у Нямеччыне. Многія расейскія дыпляматы і журналісты зьяўляюцца супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў. Яны вярбуюць маладых дэпутатаў Бундэстагу, маладых сяброў палітычных партыяў і фундацыяў.
Наш камэнтар: Здавалася б, а чаму вярбуюць менавіта маладых немцаў? Адказы на гэтае пытаньне выдаў яшчэ пару месяцаў таму сумнавядомы Ганс Вік. Ён заявіў у сваім чарговым выступе ў амплуа “знаўцы ўсходніх праблемаў”, што “аб'яднаная апазыцыя” ў Беларусі ўжо ні на што не надаецца (у стылі Тараса Бульбы: “Я тебя породіл, я тебя і убью...”). А трэба, маўляў, пераключыцца з заходняй падтрымкай на палітычна актыўную моладзь. Такая цяпер нямецкая “ўводная” па справах і ў Расеі, і ў Беларусі. ФСБ будзе вербаваць маладых немцаў, а Нямеччына з эўраначальнікамі будзе ствараць на Беларусі новую прамаскоўскую псэўдаапазыцыю з грантасмокаў і імітатараў новага пакаленьня. І просім не бачыць тут ніякой супярэчнасьці. Бэрлін і Масква ўжо так пачварна зрасьліся ў сваім хаўрусе супраць народаў, што даўно дзейнічаюць ў суладдзі і разам. Шродэр ёсьць толькі найбольш адкрытай зьявай гэтага суладдзя а за ім сотні (а мо і тысячы) драбнейшых фрыцаў і гансаў, якія знаходзяцца на службе Крамля-Лубянкі. Адна з прыярытэтных задачаў хаўрусьнікаў — перакруціць у сваім стылі (а, фактычна, дэмаралізаваць) моладзь у сваіх краінах і на чужой зямлі. Тут, безумоўна, адчуваецца разьлік на недастатковасьць жыцьцёвага і палітычнага досьведу маладых людзей, наіўнасьць, эмацыйнасьць і г.д. Маладым беларускім патрыётам трэба быць уважнымі да гэтай паўзучай контры і да фальшывых памагатых (асабліва здалёк). У нас свой — беларускі шлях.
Юрка Марозаў