ПЕРАЙМАЮЦЬ ТАКТЫКУ АНТЫБЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ

4 сьнежня 2007 г. Швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet” падала рэпартаж з пасьлявыбарчай Масквы. Рэпарцёр не хавае іроніі, камэнтуючы зьяўленьне перад будынкам ЦВК 50 прыхільнікаў “Другой Россіі”, якая прайграла выбары. Сотні амонаў адгарадзілі ад іх ЦВК. Наперад выскачылі таксама 50 прыхільнікаў Пуціна (дзіўнае супадзеньне лічбаў). Яны пачалі гукаць: “Путін! Россія!” На гэта “другороссы” пачалі гукаць: “Россія без Путіна!” Амоны загадалі па мэгафону разысьціся. Пуцінцы дружна зьбеглі, а “другороссов” амоны карцінна пахапалі, паламалі транспаранты і запхнулі ў “хапуны”. На Чырвонай плошчы “Наші” правялі парад. Арганізаванымі шэрагамі яны шыхтаваліся і маршыравалі перад Крамлём, гукаючы: “Это наша победа! Не отдадім Путіна!”

Журналіст паразмаўляў з праваабаронцам Алегам Панфілавым. Той патлумачыў яму, што парады “нашістов” вельмі нагадваюць тое, што наладжвалі ў 1930-я гады нацысты, якія панастваралі шэраг нацыстоўскіх арганізацыяў. Паводле Панфілава, тыя, што трымаюць уладу ў Расеі, актыўна ствараюць гэтыя арганізацыі, бо не разумеюць падзеяў у краіне і таму баяцца. З гэтым, маўляў, зьвязана таксама брутальная рэакцыя ўладаў на кволыя праявы слабой апазыцыі.

Наш камэнтар: С кожным днём усё больш зразумелым становіцца лубянскі сцэнар, пракручаны ў Расеі. Каспараў-Лімонаў з Яўлінскім-Бялых зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць вобраз “слабой і малалікай апазыцыі” (копія тактыкі і паводзінаў мілінкевічаў-лебедько-вінцучкоў). Пад лубянскую дудку гэтая “апазыцыя” наладзіць яшчэ некалькі дэкаратыўных і бессэнсоўных “мобаў-шмобаў” на тэму дэмакратыі і правоў чалавека. Захад паспачувае, і ўсё пойдзе па накатанай сьцяжыне... Цяпер трэба чакаць візытаў у Брусэль, Берлін і Парыж гэтых падмочаных “апазыцыянэраў”. Эўрабюракраты будуць фатаграфавацца зь імі, уручаць ім прэміі імя Сахарава і інш. Адным словам, беларусы такое ўжо бачылі.

Валеры Буйвал