СЬНЕЖАНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ
9 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (публікуецца).
З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Партыі і Фронту на Беларусі. Антыбеларускі рэжым актывізаваў наступ на беларускія нацыянальныя сілы, якія вядуць змаганьне за Айчыну. Адсюль імкненьне юрыдычнай забароны нашай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Апошняе беспадстаўнае папярэджаньне ад мінюста РБ ёсьць гэтаму сьведчаньнем. Рэжым спадзяецца такім чынам расчысьціць сабе дарогу для антыдзяржаўнай дзейнасьці. Але ня ўдасца запалохаць і спыніць беларусаў. Партыя была, ёсьць і будзе жыць, працаваць і змагацца. Ня ўдасца замяніць сапраўднае нацыянальнае Адраджэньне мітусьнёй фальшывых імітатараў, якія зусім нядаўна хадзілі на сваіх бангалорскіх маршах пад камандай камуністаў, пад чырвонымі сьцягамі і пад гукі “Інтэрнацыянала”.
Многія людзі, перш за ўсё змагарная беларуская моладзь урэшце ўбачылі і зразумелі, хто такія на самой справе гэтыя псэўдаапазыцыянеры. Разумныя людзі адвярнуліся ад іх. Тады ў так званых “незалежных” і “дэмакратычных” СМІ пачалася шумная кампанія па выратаваньні гэтай правальнай публікі з бангалорскага балота: пустыя дыскусіі іхных “кандыдатаў на старшыню”, газэтныя балёнкі і радыёхвалі аб нічым. У прысьцёбнутых да рэжыму ўзьніклі сур’ёзныя праблемы, яны канчаткова губляюць давер грамадзтва. Мімікрыя і фальш давялі іх да лягічнага выніку. 13–14 сьнежня сёлета адбудзецца візыт імпэрца Пуціна на Беларусь. Чакаецца чарговая атака на беларускую дзяржаўнасьць і спроба канчатковага паглынаньня нашай краіны гэтым разам дзеля забесьпячэньня групоўцы Пуціна “трэцяга тэрміну” у Крамлі. Наш народ павінен быць гатовы да абароны Бацькаўшчыны ад расейскай агрэсіі.
Выступіў сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Ён нагадаў, што менавіта Зянон Пазьняк, Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ яшчэ з сярэдзіны 1990-х гадоў папярэджвалі беларускае і міжнароднае грамадзтва пра імпэрыялістычную захопніцкую палітыку Расеі, пра фармаваньне сістэмы дзяржаўнага фашызму ў гэтай краіне. Многія ня верылі тады беларускім адраджэнцам. Але ў апошнія гады, а тым больш у апошнія месяцы падчас выбарчага шоў у Расеі заходнія палітыкі, журналісты і грамадзтвы ўбачылі тое, аб чым казалі ім зь Беларусі. Нават нямецкія прарасейскія дзеячы (Р. Лінднэр, А. Рар) вымушаны былі прызнацца нядаўна, што “нямецкая палітыка па дэмакратызацыі Беларусі праз Расею была памылковай”. Вось і сумнавядомы Ганс-Георг Вік заявіў быў у Нямеччыне, што Захаду “трэба перастаць падтрымліваць гэтак званую аб’яднаную апазыцыю, якая зжыла сябе...”
Менавіта Фронт і Партыя адстаялі ў няроўнай барацьбе беларускую Дзяржаву, якую грантаўскія імітатары разам з рэжымам гатовыя былі прадаць у маскоўскі палон. Сёньня у імітатараў адбываецца іхны “зьезд”. У залі галасуюць фармальныя сябры АГП, прафсаюзаў, нейкіх іншых арганізацыяў. У імітатараў усё магчыма. І ня трэба разважаць цяпер, за каго з высунутых “кандыдатаў” яны прагаласуюць. Старшынём гэтай групоўкі можа стаць зусім нечаканая асоба. Гэта ёсьць сьведчаньне канчатковага палітычнага гніеньня структураў прамаскоўскай псэўдаапазыцыі.
Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны заявілі аб гатоўнасьці весьці патрыятычную дзейнасьць у любых умовах. Было вырашана зьвяртацца ў суды дзеля аспрэчваньня незаконнага “папярэджаньня” мінюстам РБ.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
9 сьнежня 2007 г.