І ЯНЫ ЯШЧЭ “ЗЬДЗІЎЛЯЮЦЦА”

1 сьнежня 2007 г. Ангельская газэта “Observer” паслала свайго рэпарцёра ў Курскую вобласьць. Чаму? А таму што там кандыдуе ў Дзярждуму Андрэй Лугавой, вядомы ўсёй Вялікай Брытаніі. Гэты афіцэр ФСБ летась атруціў у Лёндане уцекача з ФСБ Літвіненку і адначасова атруціў сьмяротна небясьпечным атамным рэчывам квартал у цэнтры брытанскай сталіцы. Брытанія запатрабавала ад Масквы выдаць яго на сьледства і суд, а Масква ня выдала ды яшчэ запусьціла Лугавога кандыдатам у Думу. Лугавой у яркім касьцюме і кракадзілавых туфлях бадзёра выступае перад нешматлікімі курскімі выбарцамі. Ён кандыдуе ад жырыноўскай ЛДПР. Наведвае дзіцячыя дамы, пазіруе з фальклёрнымі гарманістамі. Брытанскі журналіст спытаў у аднаго з выбарцаў, вэтэрана Аўганістана, ці не бянтэжыць яго, што чалавек, абвінавачаны ў забойстве, можа стаць дэпутатам? Рускі чалавек адказаў: “У Расеі здараецца шмат дзіўных рэчаў”.

Наш камэнтар: У Брытаніі таксама здарылася шмат дзіўных рэчаў. Некалі вядомая сваім кансэрватызмам краіна ласкава дазволіла атабарыцца на сваёй тэрыторыі сотням тысячаў расейскіх забойцаў, злодзеяў, бандытаў, жулікаў і гэбоўскай агентуры. А цяпер брытанцы зьдзіўляюцца расейскім выбарам...

Юрка Марозаў