БЕЛАРУСАФОБСКАЯ АКЦЫЯ Ў МЕНСКУ
Стала вядома, што ў нашай сталіцы разгортваецца новая беларусафобская акцыя. Навучэнцы менскай школы № 212 прынесьлі бацькам новы загад школьнай адміністрацыі. Вучнёўскія сшыткі, на якіх напісана на дзяржаўнай мове “Сшытак”, павінны быць заменены на такой жа мадыфікацыі сшыткі, на якіх напісана “Тетрадь”.
Зразумела, што СШ № 212 — “русскоязычная” як і абсалютная большасьць навучальных установаў пад антыбеларускім рэжымам. У апошнім адміністрацыйным загадзе адчуваецца, аднак, ня толькі нянавісьць да беларускай мовы і ўсяго беларускага, але таксама і люты страх перад нашай мовай і ўсім беларускім. Акупанцкія “носітелі разумного, доброго, вечного” спрабуюць вырваць з жыцьця беларускіх дзяцей любую, нават малую і эпізадычную згадку пра нашу мову.
Хутчэй за ўсё правакацыя ў СШ № 212 — гэта ня проста выбрык мясцовага дырэктара. Такім чынам рэжымам апрабоўваецца яшчэ адзін крок па русіфікацыі нашага народу і нашай адукацыі. Калі б такое здарылася ў палякаў або латышоў, то на наступны дзень усе да аднаго вучні прынесьлі б у школу сшыткі з надпісамі выключна на нацыянальнай мове. Гэта быў бы выразны пратэст бацькоў і дзяцей. І ніводная з семьяў не палічыла б такую дэманстрацыю нязначнай і несур'ёзнай. Акупанты адразу б адчулі халодны подых народнага супраціву.
У 1940-я гады (пасьля вайны) расейцы паспрабавалі ўвесьці ў польскіх школах расейскую мову навучаньня. То школьнікі закідалі маскоўскіх “носьбітаў доброго і вечного” чарнілкамі. Беларусы ж маўчаць і пасьпяшаюць у краму канцтавараў прыкупіць “тетрадей”.
З наступнага году час на Беларусі будзе вымярацца таксама выключна па-акупанцку. Нават у савецкія часы можна было купіць каляндар на беларускай мове. З 2008-га календары будуць толькі расейскія. Яшчэ ўлетку рэжымам была разагнана рэдакцыя папулярнага адрыўнога календара “Родны край”, які вызначаўся разнастайнасьцю інфармацыі на розныя даты па гісторыі, культуры і навукі.
Янка Базыль.