ПРЫЗНАЮЦЦА Ў СВАІХ ГЛУПСТВАХ
1 сьнежня 2007 г. Дацкая газэта “Information” публікуе артыкул Лэйфа Давідсона пад тытулам “Многія твары цара Пуціна”. Цытуем: “Уладзімер Пуцін — як руская матрошка...” Аўтар піша пра свае перажываньні на працягу пуцінскай кар'еры ад нікому не вядомага опэра КГБ да крамлёўскага начальніка. Выймаючы з “матрошкі” адну фігуру за адной, датчанін прызнаецца, што “на кожнай усяроўна фізіяномія КГБіста”. Публіцыста на пачатку зьдівіла “нешта сфінксападобнае ў твары Пуціна”. Ён прызнаецца: “Але я тады падумаў: вось урэшце ў Расеі зьявіўся ўмераны прагматык”. Падтытул абзаца, прысьвечаны цяперашняму Пуціну, Давідсон назваў красамоўна — “Хросны бацька”.
Наш камэнтар: Даўно мы не чыталі такога ў заходняй прэсе. Цікавая эвалюцыя “партрэта Дарыяна Грэя”: ад “умеранага прагматыка” да мафійнага “хроснага бацькі”... Добра, што разумныя людзі прызнаюцца ў сваім наівізме і ілюзіях. Ім так хацелася хутчэй убачыць маскоўскае ханства ў амплуа заходняй дэмакратыі. Яны адмахваліся ад папярэджаньняў аб небясьпецы расейскага фашызму, якія ім рабілі беларускія патрыёты. Яны не заўважалі зьнішчэньне чачэнскага народу. А тут з матрошкі раптам вылезла такое мурло, што ў некаторых адразу прасьвятлела ў галаве.
Валеры Буйвал