“НЕ КОЛЕБАЛСЯ”
19 лістапада 2007 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” публікуе артыкул з падтытулам “Фюрэр нацыі”. Шматслоўна напісана пра нядаўні зьлёт пуцінскіх актывістаў у Цьверы, пра розныя выкладкі сацыялягічных апытаньняў “хто за каго” і іншае. Паведамляецца пра паездку і заявы крамлёўскага “фюрэра” ў Краснаярску. У размове (якая стала ўжо хрыстаматыйнай) з мантажнікамі-высотнікамі Пуцін паабяцаў разабрацца ў шэрагах крамлёўскай партыі з тымі, хто ўступіў у “Едіную Россію” з кар'ерных меркаваньняў, а не дзеля “обшчественного блага”.
Наш камэнтар: Начальнік ужо не хавае трывогі наконт ненармальна актыўнага наплыву жадаючых паўдзельнічаць ва ўладзе. Трэба нагадаць, што падобнае назіралася ў памятным 1929 годзе, калі пасьля развалу-разгрому розных “укланістаў направа і налева” бальшавіцкія кан'юнктуршчыкі масава пабеглі ў абдымкі тадышняга крамлёўскага фюрэра Сталіна. Партыйныя ворганы нават увялі ў анкеты новае пытаньне: “Проявлял ли колебания по партийной линии?” Шэраг таварышаў адпісалі ў лаканічным стылі: “Не колебался”. Але мільёны зь іх ня выратавала ні штучная, ні шчырая вернасьць фюрэру і крамлёўскаму райху. Насунуўся 1934-ты год, а потым жудасныя 1936-39 гады. Але падобна, што цяперашнім кан'юнктуршчыкам адбіла гістарычную памяць.
Юрка Марозаў