ГУЛЬНЯ Ў БАРАЦЬБУ
Публіка ўжо неяк забылася пра колішні папулярны жанр псэўдаапазыцыйных шоў — а менавіта пра флэш-моб (трапна празваны ў народзе “моб-шмобам”). Памятаеце, як Радыё Свабода і іншыя “незалежныя” СМІ перадавалі пра чарговую вулічную містэрыю-буф “на актуальную тэму”? “На Кастрычніцкай плошчы сабраліся сорак маладых асобаў, яны селі на брук і пачалі піць мінэральную ваду з бутэляк. Яны пратэставалі такім чынам супраць таго, што на Акрэсьціна зьняволеным не хапае вады. Затрыманьняў не было...” Альбо: “Сорак маладых прайшлі калёнай па вул Багдановіча і запалілі сьвечкі па-над Сьвіслаччу...” На сайтах і ў газэтах зьяўляліся здымкі: па вуліцы Багдановіча ідуць малойцы, за імі дзяўчаты; ва ўсіх суровыя і рашучыя твары. Галоўным для “шмобаў” было правіла: не засьвяціцца з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам або Пагоняй, ня мець ніякіх плякатаў і сымвалаў. Насельніцтву трэба было здагадацца, што яны супраць чагосьці пратэстуюць.
Праз пэўны час моладзь пачала сьмяяцца з арганізатараў гэтых “мобаў-шмобаў”. Аказалася, што арганізатарамі былі тыя ж самыя асобы, што ў сёлетнім кастрычніку вадзілі людзей “евромаршем” і “соцмаршем” на балота Бангалор пад чырвонымі сьцягамі і пад гукі “Інтэрнацыянала”. Пацешная форма імітацыі пратэсту была высьмеяна і забыта.
Але фантазія маршавікоў ня ведае межаў. 16 лістапада яны “ўзбагацілі” рэвалюцыйны досьвед яшчэ адным тэатральна-пастановачным шоў. Радыё Свабода і некаторыя сайты паведамілі: “Ва Уруччы ў Менску насупраць унівэрсама “Першамайскі” моладзь разгарнула транспарант “Свабоду палітвязьням”. Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў”. Трэба было дадаць толькі адзін пасаж: “...некалькі хвілінаў. Роўна столькі часу, каб пасьпець зрабіць фотаздымак і разьбегчыся ў розныя бакі”. А маглі і не пасьпець сфатаграфавацца...
Гісторыя ведае прыклады, калі хвіліны палітычнага дзеяньня засталіся ў гісторыі. Напрыклад, вядомая дэманстрацыя маскоўскіх дысідэнтаў на Чырвонай плошчы супраць увядзеньня савецкіх войсказ у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Гэбісты апэратыўна накінуліся на купку інтэлігентаў, парвалі плякаты і заштурхалі ўсіх у “хапуны”. Але так не бывае, каб праз дзьве-тры хвіліны ўдзельнікі пратэсту кідаліся на ўцёкі без якой-небудзь пагрозы, ледзь сфатаграфаваўшыся. У гэтым выпадку гэта ёсьць фальшыўка, імітацыя барацьбы і прафанацыя грамадзянскага пратэсту.
Янка Базыль