ЛЕКЦЫЯ ДЛЯ НЯГОДНІКАЎ

19 лістапада 2007 г. Латвійская газэта “Diena” публікуе артыкул пад тытулам “Выдуманыя рыжскія ваяры”. У Рызе адбылася прэм'ера мастацкага фільма мясцовай вытворчасьці, прысьвечанага латышскім стралкам і барацьбе за незалежнасьць Латвіі. Артыкул у прынцыпе прадстаўляе сабой фармальна-кіназнаўчы характар: хто з акцёраў як рухаўся і як стаяў, які быў фон дзеяў і г.д. Ацэнкі даюцца адмоўныя, гаворыцца аб спробах стварыць нацыянальны міф.

Наш камэнтар: З артыкула немагчыма зразумець, у чым жа рэжысёрская “выдумка” на тэму даўніх падзеяў? У гэтым сэнсе значна больш выразна выказаліся маскоўскія аўтары дакумэнтальнага фільма “Правда о латышскіх стрелках”, які днямі быў паказаны па расейскім тэлебачаньні. Расейцы распавялі пра стварэньне латышскіх нацыянальных палкоў у 1916 г. з дазволу царскай адміністрацыі, пра іхнае змаганьне супраць немцаў. Але галоўную частку фільма склаў расповед пра дзейнасьць стралкоў пасьля таго, як яны сталіся чырвонымі стралкамі: як яны былі “лейб-гвардыяй” Леніна і ахоўвалі яго, як яны выратавалі бальшавікоў падчас эсэраўскага паўстаньня ў Маскве ў ліпені 1918 г., як яны бралі Перакоп у 1920 г. Факты агульнавядомыя. Але вось жа цікава, цяпер расейцы даюць ім зусім адваротную ацэнку. Называюць латышоў “крывавымі наёмнікамі”, якія ваявалі за бальшавікоў за грошы. Прыгадваюць іхны масавы ўдзел у рэпрэсіях супраць мірнага насельніцтва і характэрнае народнае прыслоўе тае пары: “Не ищи палача, а ищи латыша”. У фільме падкрэсьлена таксама, што латышскія камандзёры занялі пасьля грамадзянскай вайны непрапарцыйна шмат месцаў на кіруючых пасадах у чырвонай арміі і НКВД. Адным словам, ніякай падзякі за вернае служэньне Маскве латышскія вайскоўцы не заслужылі ў пэрспэктыве гістарычнага часу. Цяпер ёсьць нават тэндэнцыя зваліць на іх усю віну за гвалты і забойствы, што тварылі чырвоныя падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. У фільме нагадваецца таксама, што латышская камандзёрская эліта (Аклксніс, Фабрыцыюс, Вацыеціс, Бэрзіньш і многія іншыя) была зьнішчана ў 1936-39 гадах. Вось такая маскоўская “кіноправда”. Лекцыя для ўсіх, хто хацеў бы выслужыцца перад Крамлём і расейскай імпэрыяй. Будзеш выкляты ўласным народам, а праз пэўны час зьнішчаны і зьняслаўлены крамлёўскімі гаспадарамі.

Валеры Буйвал