СТВАРАЛЬНІКІ МІФАЛОГІІ

20 лістапада 2007 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведамляе з Даніі. У горадзе Одэнсэ адбылася канфэрэнцыя, на якой сабраліся 60 былых афіцэраў Штазі, спэцслужбаў ГДР. Вэтэраны заявілі, што яны зьяўляліся “агентамі міру”, якія запабеглі разьвязваньню вайны.

Наш камэнтар: Што ж, кур'ёзны эпізод сучаснай гісторыі. Хаця калі ўспомніць, што на прыканцы 1990 г. М. Гарбачову Захад даў Нобэлеўскую прэмію міра, то зьдзіўляцца ня трэба. Літаральна праз месяц, у студзені 1991 г. савецкія войскі пачалі карніцкую акцыю ў Вільні, падчас якой загінулі і былі параненыя мірныя дэманстранты. (Ня кажам ужо пра Тбілісі, дзе рускія карнікі пасеклі народ сапёрнымі рыдлёўкамі) Беларусы, якія былі тады на віленскіх барыкадах, памятаюць адэкватную рэакцыю летувісаў. Паўсюль віселі плякаты з выявай Гарбачова, пазначанага фашыстоўскай свастыкай, і з праклёнам заходнім лібэралам. Прамінулі гады з тых часоў, калі гэбэшнікі ў розных краінах душылі народы. Вэтэраны Лубянкі спадзяюцца, што людзі ўжо забыліся пра іхныя “подзьвігі”, яны пачынаюць складаць пра сябе прыгожую міфалогію. Але Беларускі народ у будучыні не дапусьціць гэбоўскага куражу на сваёй зямлі.

Юрка Марозаў