КДБ ДУШЫЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОЛАДЗЬ У МАЗЫРЫ

Супрацоўнікі КДБ у Мазыры наведваюць школьнікаў і студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 16 лістапада. Яны патрабуюць назваць прозьвішчы арганізатараў акцыі. У той дзень міліцыянты затрымалі дваццаць пяць чалавек на плошчы Леніна, сярод якіх былі 12-гадовыя школьнікі. У затрыманых знайшлі расьцяжку “Не — скасаваньню льготаў!”.

Супрацоўнікі Мазырскага КДБ цікавяцца імёнамі арганізатараў акцыі.

Нагадаем, 16 лістапада, у Дзень салідарнасьці, міліцыянты затрымалі некалькіх чалавек у цэнтры Мазыра — на плошчы Леніна.

Некалькіх школьнікаў затрымалі на падыходах да плошчы. У затрыманых знайшлі расьцяжку “Не — скасаваньню льготаў!”. У пастарунку міліцыі затрыманыя патлумачылі, што хацелі выказаць стаўленьне да праблемы скасаваньня льготаў сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва.

“Казалі, што нібыта нам далі па 500 даляраў...”

Мікола Жукоўскі быў сьведкам тых падзеяў, а потым сам трапіў у пастарунак, дзе правёў чатыры гадзіны.

“Я меў там размову з палкоўнікам КДБ. Ён спачатку са мной размаўляў па-беларуску, казаў: “О, мы любім беларускую мову...” Потым пачалі крычаць, ціснуць, казалі, каб я быў мужыком і прызнаўся, што ішоў на акцыю. Казалі, што нібыта нехта прызнаўся, што нам далі па 500 даляраў, а мы дзецям далі толькі па 5 тысяч (беларускіх рублёў). Вось такую лухту несьлі. Я лічу, што яны ўсё гэта супрацьзаконна робяць, што яны не абараняюць закон, а бароняць інтарэсы нейкай групоўкі”.

Студэнта пэдагагічнага ўнівэрсытэту Хведара Чаранкова супрацоўнікі КДБ наведалі пасьля таго, як паразмаўлялі зь ягонымі сябрамі.

“Мяне выклікалі да прарэктара. Я туды зайшоў, а там сядзелі двое супрацоўнікаў КДБ. Прапанавалі мне “чыстасардэчна” прызнацца. Перад тым, як мяне выклікаць, яны выклікалі маіх сяброў і запытвалі ў іх пра мяне”.

Ю. Чаранкоў: “Маральна хочуць дзяцей зьнішчыць”

Бацька Хведара Юрась Чаранкоў лічыць, што ягонага сына спрабуюць запалохаць. Ён апавёў, што на яго таксама спрабуюць ціснуць праз адміністрацыю на працы.

“Супрацоўнікі КДБ у школах у дзяцей пыталіся, ці ведаюць яны Хведара Чаранкова. Прасілі іх сказаць, што ён быў арганізатарам акцыі. Дзеці казалі, што, наагул, яго ня ведаюць. Пасьля гэтага супрацоўнікі КДБ прыйшлі ва ўнівэрсытэт і выклікалі майго сына. Казалі пра яго, што ён “прапашчы” чалавек, а сябра ягонага “прэсавалі” паўтары гадзіны. Хлопец ужо разгублены ходзіць. Ня ведае, што рабіць. Маральна хочуць дзяцей зьнішчыць”.

П. Севярынец: “Рэпрэсіі выклікалі адваротны эфэкт”

Павал Севярынец выказаў сваё меркаваньне:

“Гэта яскрава ілюструе палітыку сёньняшняга рэжыму ў дачыненьні да моладзі. Яна абсалютна нелягічная, нерацыянальная і вядзе толькі да ўздыму масавага пратэсту. Рэпрэсіі выклікалі адваротны эфэкт. Не запалохалі, а давялі да грамадзтва пра тое, чаго дамагаецца моладзь. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі нават не разумеюць, што спачуваньне будзе тым больш моцным і масавым, бо сярод затрыманых, тых, каго цяпер перасьледуюць, ёсьць і 12-гадовыя дзеці”.

Апошнія паўгоду на Гомельшчыне спэцслужбы часта кантактуюць з моладзевымі лідэрамі дэмакратычнага руху.

Супраць трох актывістаў “Маладога фронту” распачалі крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Некалькі дзясяткаў чалавек выклікалі на допыты і размовы ў КДБ.

Любоў Лунёва (Радыё Свабода)