СЬЛЯДЫ АЎСТРЫЙСКАЙ ПРЫСУГНАСЬЦІ

17 лістапада 2007 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” публікуе фотагалерэю і тэкст, прысьвечаныя 95-годдзю Ота Габсбурга, сыну апошняга імпэратара аўстрыйскай імпэрыі Карла І. Пасьля паразы ў сусьветнай вайне ў 1918 г. аўстрыйскі імпэратар быў дэтранізаваны і выехаў разам з сямьёй у Швайцарыю. Але ягоны сын Ота толькі ў 1961 г. афіцыйна адмовіўся ад імпэратарскай кароны. Пасьля гэтага ён атрымаў права прыязджаць у Аўстрыю. У 2000 годзе ён быў узнагароджаны Залатым знакам Супраціву, бо ў 1938 г. спрабаваў спыніць гітлерскі аншлюс Аўстрыі ў Нямеччыну. На працягу шэрагу гадоў Ота быў эўрадэпутатам ад хрысьціянскіх дэмакратаў. У сувязі з набліжэньнем ягонага юбілея ў цэнтры Вены прайшла дэманстрацыя манархістаў пад лёзунгам вяртаньня Габсбургаў на трон. Удзельнікаў было 30 асобаў.

Наш камэнтар: На адным са здымкаў бадзёры дзядок Ота стаіць перад грабніцай свайго вядомага дзеда — аўстрыйскага кайзэра Франца-Іосіф І. Нагадаем, што Франц-Іосіф таксама быў выключным доўгажыхаром у біялагічным і палітычным сэнсе. 18-гадовы крон-прынц прыняў карону ў бурным 1848 годзе, калі ягоны бацька вымушаны быў адрачыся пад ударамі Вясны Народаў — нацыянальных рэвалюцыяў, якія ахапілі ўсю Заходнюю Эўропу. Аўстрыйскую імпэрыю выратавала тады імпэрыя расейская. Мікалай І праявіў манархічную салідарнасьць і паслаў сваю 200-тысячную армію супраць угорскіх паўстанцаў, якія ўжо былі адваявалі сваю незалежнасьць ад венскай кароны.

Там былі і беларускія палкі. Сямёра афіцэраў аднаго зь іх адмовіліся выконваць царскі загад і ісьці на здушэньне рэвалюцыі. Іх аддалі пад трыбунал і пакаралі сьмерцю. Цар выратаваў маладога імпэратара (карніцкай апэрацыяй камандваў князь Паскевіч, якому лукашысцкія ўлады Гомлі зьбіраюцца паставіць помнік). Франц Іосіф у хуткім часе адмяніў канстытуцыйныя саступкі, разагнаў райхстаг і пачаў валадарыць у аўтарытарным стылі. Аднак імпэрыя слабела і маразмела разам з імпэратарам. У 1860-70-х гг. Аўстрыя пацярпела сакрушальныя паразы ад імпэтнай Прусіі і ад рэвалюцыйнай Італіі (Гарыбальдзі вызваліў ад аўстрыйцаў Мілан, Венэцыю і Вэрону). На пачатку ХХ стагоддзя Франц Іосіф І, каб не расвалілася ўсё, вымушаны быў дазволіць нават утварэньне нацыянальных вайсковых частак у аўстрыйскай арміі. Але гэта не дапамагло ягонай імпэрыі ў Першую сусьветную вайну. Імпэратар памёр ажно ў 1916 г., пасярод зусім іншай эўрапейскай і сусьветнай рэчаіснасьці. (Калі б Пуцін цараваў столькі ж, то ў Крамлі пахавальная музыка зайграла б толькі ў 2068 годзе — які жах!). Беларускія афіцэры і жаўнеры гэтым разам змагаліся супраць аўстрыйскага войска, якое, дарэчы, не вызначалася генэральскімі талентамі і высокім баявым духам ніжэйшых чыноў. У кастрычніку 1918 г. вялікая аўстрыйская імпэрыя ў імгненьне скурчылася да памераў кампактнай аўстрыйскай рэспублікі, калёніі абвясьцілі дзяржаўную незалежнасьць. Аўстрыйцы доўга перажывалі імпэрскія комплексы. Але, як бачым, нават Ота Габсбург канчаткова перажыў іх у 1961 г.

Маштабныя палітычныя падзеі вакол венскага двара засталіся ў далёкай мінуўшчыне. Цяпер маштабы ня тыя. Афіцыйная Вена, напрыклад, прыкрывае сабой германска-расейскую акцыю супраць Беларусі. Менавіта ў Аўстрыі рэгулярна зьяўляецца такі М. Марыніч, які падпісвае ўсе паперы і праграмы па “абароне інтарэсаў Эўропы і Расеі ў Беларусі” (цытуем дакумэнты), падрыхтаваныя нямецка-расейскімі капальнікамі Беларусі. Цікава, што Радыё Свабода і іншыя “незалежныя” СМІ маўчаць пра дзейнасьць гэтага гнуткага прадажніка, але час ад часу згадваюць пра яго пад розным “дэмакратычным” соўсам.

Юрка Марозаў