“ХТО Б МОГ УЯВІЦЬ...”
16 лістапада 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” публікуе тэксты і фота пад рубрыкай “Паўналетняя дэмакратыя”. Матэр'ялы прысьвечаны 18-м угодкам “аксамітавай” рэвалюцыі ў Празе ў лістападзе 1989 г. На здымках: шыхты паліцыі, напады паліцэйскіх на студэнцкую дэманстрацыю, а потым — два мільёны чалавек у цэнтры Прагі, якія гукаюць “Камуна — прэч!”, партрэты Вацлава Гавэла і Аляксандра Дубчэка. Летапіс народнай перамогі над прамаскоўскім рэжымам.
Наш камэнтар: Сапраўды, ня верыцца, што прамінула столькі гадоў з тых памятных восеньскіх дзён. Адзін за адным падалі і разьбіваліся ідалы зьнешняй маскоўскай імпэрыі: камуністычныя рэжымы ў Польшчы, Угоршчыне, Чэхаславаччыне, Усходняй Нямеччыне. Мільёны людзей аб'ядноўваліся і вымяталі камуністычнае сьмецьце са свайго нацыянальнага дома. 1989 год скончыўся вызваленьнем Румыніі ад васалаў Масквы. Там прамаскоўская хунта пачала страляць у народ, спадзяючыся патапіць паўстаньне ў крыві. Але румыны не напалохаліся. Над Бухарэстам грымнуў народны покліч: “Сьмерць за сьмерць! Сьмерць секурыстам (гэбэшнікам)!” Рэвалюцыя перамагла цёмную сілу.
Пазьней сталі вядомыя многія факты і дэталі. Пра тое, як Масква спрабавала ўзяць пад кантроль разьвіцьцё падзеяў у згаданых краінах, як падсоўвала сваю агентуру, “акцэптабельную як у Маскве, так і на Захадзе”. Адным словам, Крэмль спрабаваў пракруціць мадэль, якую ён актыўна пракручвае цяпер у нас на Беларусі з мілінкевічамі-вінцучкамі-лебедько. Аднак, народы разабраліся з мясцовымі падстаўнымі, маскоўскім васалам не ўдалося выканаць заданьне.
Хто б мог уявіць сябе, што праз столькі гадоў пасьля перамогі антыкамуністычных рэвалюцыяў у суседніх з Беларусяй краінах нашаму народу ў якасьці “апазыцыі” зноў будуць падсоўваць групку падстаўных пад камандай камуніста Калякіна і пад чырвоным савецкім сьцягам. Што падстаўныя будуць вадзіць на балота Бангалор свае “маршы”, а на балоце аркестар будзе іграць “Інтарнацыянал” (як гэта было на нядаўнім “сацыяльным маршы). Трэба беларусам гнаць ад сябе гэты матэрыялізаваны кашмар і наладжваць сапраўднае салідарнае змаганьне за волю.
Юрка Марозаў