АГЕНТУРА Ў КОСАВЕ
17 лістапада 2007 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” паведамляе з Косава. Там адбываюцца выбары ў мясцовы парлямант. Мясцовыя сербы ня ўдзельнічаюць у гэтых выбарах і не прызнаюць гэты парлямант. Усе разумеюць, што Косава ідзе да абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці ад Сербіі. Сярод албанскіх кандыдатаў зарэгістраваўся і Бексхэт Паколі, косаўскі албанец са швайцарскім пашпартам. Газэта нагадвае, што фірма гэтага Паколі ў 1993 г. рабіла рэмонт-рэстаўрацыю ў крамлёўскіх палатах. Рамонтам тады зацікавілася расейская і швайцарская юстыцыя. З крамлёўскага боку партнёрам Паколі быў вядомы Барадзін (начальнік СНД). Шалёныя, неадэкватныя маштабам выкананых працаў, ганарары для фірмы Паколі сталіся тады тэмай скандала і сьледства. Многія тады сьведчылі, што Паколі-Барадзін актыўна дзяліліся грашыма з кланам Ельцына. Кандыдат Паколі выступае на мітынгах у Косаве, абяцае ўсім працу і ўзбагачэньне. Лёзунг ягонай кампаніі — “Хватіт болтать!”
Наш камэнтар: Знаёмы лёзунг! І кандыдат знаёмы. “Свой парень” у Крамлі і на Лубянцы. Вядома, што Масква ўсімі сіламі супраціўляецца абвяшчэньню незалежнасьці Косава і бароніць “цэласнасьць” Сербіі. Крэмль пагражае нават адразу абвясьціць незалежнасьць акупаванай расейскай арміяй Трансністрыі, правінцыі Малдовы. Але цяпер так лёгка не пашлеш 14-ю армію на Балканы. Вось і вырашылі дзеля канчатковай дэстабілізацыі Косава паслаць на заданьне свайго праверанага агента. Мяркуем, што заходнія эўрапейцы не чакалі ад Масквы такога ўдара “ніжэй пояса”.
Валеры Буйвал