РАСЕЙСКІ ВЫБАРЧЫ СПЭКТАКАЛЬ

17 лістапада 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” піша пра сход у Цьверы “больш за 2 тысячаў фэнаў Пуціна” (цытуем газэту). Адзін з іх, Ул. Варонін гукаў з трыбуны: “Канстытуцыя — гэта толькі закон, а любы закон можна зьмяніць. Немагчыма зьмяніць толькі божыя законы”. Газэта паведамляе: “Плынь народных зваротаў да Пуціна, каб ён застаўся на прэзыдэнцкай пасадзе, расьце. За “спантаннай” хваляй людской актыўнасьці стаяць асобы з Крамля, якія ня хочуць згубіць уладу”.

Наш камэнтар: Сапраўды, і заходнікі ўжо пачалі здагадвацца, пра што йдзецца на расейскім выбарчым спэктаклі.

***

17 лістапада 2007 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” паведамляе, што на наступным тыдні Пуцін зьбіраецца сустрэцца з герархамі РПЦ і прасіць у іх падтрымкі на выбарах. Біскуп Марк з аддзела ўнутраных зносінаў РПЦ ужо заявіў, што “Царква гатова заклікаць людзей да ўдзелу ў выбарах... і падтрымаць партыю, якая найлепш рэпрэзэнтуе хрысьціянскія каштоўнасьці”. У 1996 г. Алексій ІІ заклікаў галасаваць за Ельцына.

Наш камэнтар: Зразумела, што цяпер Пуціна абвесьцяць “хрістіаннейшім” і будуць махаць кадзіламі ў ягоную карысьць. Мабілізуюцца ўсе дэпартаманты разгалінаванай канторы пад даўнім дэвізам “За веру, царя і отечетсво”.

***

16 лістапада 2007 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляе з Масквы. Рэпарцёр на вуліцах імпэрскай сталіцы ўбачыў толькі вялікія транспаранты “Наш выбор — Владімір Путін” і больш нічога. Людзі сказалі яму, што бачылі яшчэ некалькі плякатаў ад іншых палітгруповак, але ня памятаюць дзе іх бачылі (!). Замежныя журналісты ў адзін голас кажуць, што “такой нуднай выбарчай кампаніі ў Расеі не было за апошнія 15 гадоў”. Газэта нагадвае такасама, што Пуцін абвешчаны “нацыянальным лідэрам”.

Наш камэнтар: Няхай акрэдытаваныя ў Маскве журналісты не расслабляюцца — пасьля выбараў абавязкава будзе “весела”. На працягу згаданых 15 гадоў большасьць зь іх пасылалі з Масквы ў свае рэдакцыі артыкулы пра “прагрэс рускай дэмакратыі”, “маладога, энэргічнага лідэра з Лубянкі”, пра “месца Расеі ў Эўропе” і іншую псэўданавуковую фантастыку. Як правіла, яны адмахваліся ад тлумачэньняў разумных людзей (у тым ліку беларускіх патрыётаў) пра фашызм-гэбізм, пагрозу Эўропе па прычыне залежнасьці Захаду ад сібірскіх нафты-газу і г.д. Цяпер ім раптам стала “нудна”. Нават АБСЭ вырашыла не пасылаць на расейскія думскія выбары 2 сьнежня сёлета сваіх назіральнікаў. Зразумелі, што гэта ня мае сэнсу. Толькі крамлёўскай хунце начхаць на гэта. Хунта будзе рабіць, што хоча. А хто пікне, таму закруціць вэнціль. А людзі папярэджвалі заходнікаў пра тупік.

Валеры Буйвал