НАВІНЫ З РАСЕІ: “КОЛА ПРАМАСКОЎСКАГА ІДЫЯТЫЗМУ”

15 лістапада 2007 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” паведамляе з Масквы пра нядаўнюю крамлёўскую цырымонію ўзнагароджваньня ордэнамі. Ордэны раздаваў Пуцін, хваліў герояў Расеі. Сярод герояў быў названы таксама 94-гадовы Джордж Коваль, які памёр 2 лістапада сёлета ў Маскве. Народжаны ў сямьі габрэйскіх эмігрантаў у штаце Аёва, гэты Коваль падчас наведваньня СССР у 40-я гады, завербаваўся ў савецкую выведку. Ён здолеў укараніцца ў “Праект Манхэтэн”, у рамках якога амэрыканцы распрацоўвалі ядзерную бомбу. Менавіта Коваль перадаў Маскве найбольш важныя матэр'ялы, якія дазволілі саветам стварыць сваю бомбу ўжо ў 1947 годзе.

Ён доўга працаваў у ЗША пад мянушкай “Пэрсэй”, а ў 50-я гады зьбег у СССР, дзе й дажыў свой век у лубянскіх лаўрах. Пуцін узнагародзіў і пахваліў “за геройства і вернасьць” яшчэ аднаго важнага агента.

Джордж Блэйк быў агентам КГБ у складзе знакамітай “кэмбрыджскай чацьверкі” буйнакалібэрных маскоўскіх агентаў. У 1950-я гады ён здаў Лубянцы некалькі сотняў заходніх агентаў, якія працавалі ў СССР. Яго арыштавалі, пасадзілі ў брытанскую турму. Але ён здолеў уцячы з-за кратаў і атабарыўся ў Маскве (!).

Наш камэнтар: Той, хто чытаў грунтоўную манаграфію Алега Гардзіеўскага і Крыстафэра Эндру “Сакрэтная гісторыя КГБ” (перакладзена на безьліч моваў), той ня ведаў — плакаць ці сьмяяцца над старонкамі гэтай гісторыі. Пасьля самага важнага ў гэтай кнізе, — расповеду пра злачынствы лубянскай канторы, яе цынізм і антычалавечую сутнасьць — наступным па значэньню і аб'ёму фактаў ёсьць аспэкт бязьмежнага глупства і наіўнасьці на мяжы алігафрэніі, якую ва ўсе часы праявлялі заходнія палітыкі, спэцслужбы і грамадзтвы ў цэлым у адносінах да саўдэпіі і яе агентуры.

На працу ў дзяржворганы і спэцслужбы на Захадзе заўсёды ахвотна бралі ўсіх, хто імкнуўся туды: людзей з камуністычным мінулым, асобаў, якія рэгулярна і падоўгу бывалі ў СССР, якія асабліва не хавалі свае прамаскоўскія сымпатыі і г.д. Калі яны пачыналі дзейнічаць, іх як сьлед не правяралі, не сачылі за іхнымі рэгулярнымі кантактамі з “товарішчамі”. Калі іх нават арыштоўвалі, то шэраг зь іх даволі лёгка ўцёк у Маскву з заходніх астрогаў (дзе на сьняданак падаюць вішнёвы ёгурт і адпускаюць на волю на штогадовы “адпачынак”).

Няхай бы гэта ўсё было ў мінулам. Але мы й сёньня назіраем той жа самы стан заходніх элітаў і грамадзтваў у цэлым на тэму “таварышаў з Усходу”. Брытанія запусьціла на сваю тэрыторыю сотні тысячаў “русскіх ребят і девчат”, якія абрабавалі свой і суседнія народы. Пасьля выбухаў, выкананых ісламістамі, брытанцы нават не здагадаліся, што аплацілі, узброілі і скамандвалі гэтымі апэрацыямі лубянскія “ребята”. Заходнюю Эўропу наваднілі натоўпы жулікаў, злачынцаў, злодзеяў-мільянэраў і гэбоўскай агентуры з постсавецкай прасторы. І ўсе яны вельмі камфортна ўладкаваліся ў заходніх грамадзтвах пад сьцягам “правоў чалавека”, у рамках гуманітарных праграмаў, “бізнэсовай выгоды” і іншага эўрамаразму. У Брусэлі (ды і ў іншых сталіцах) аніразу не абмяркоўвалася гэтая тэма. Мабыць, такой тэмы для заходняга начальства не існуе. Яны, відаць, баяцца, што Масква за такія дыскусіі газ-нафту адключыць і яны прайграюць на наступных выбарах. Кола прамаскоўскага ідыятызму замыкаецца ўсё шчыльней.

Але ёсьць яшчэ адзін аспэкт ў сюжэце са згаданай крамлёўскай цырымоніяй. Пуцін не выпадкова так дэманстрацыйна махаў ордэнамі, прызначанымі для заходніх агентаў Лубянкі, якія прынесьлі сваім айчынам незьлічоныя страты і беды. Начальнік куражыўся, насьміхаўся над заходнікамі, выразна падразумеваючы, маўляў: “Правільной дорогой ідёте, товарішчі. Мы ешчё вам покажем кузькіну мать...” І можна не сумнявацца, яны пакажуць... Заходніх палітычных сьляпцоў ня выратуюць глыбокія паклоны і прыязныя кніксэны перад крамлёўскімі монстрамі, камплімэнты ў адрас “русской душі” і абяцанкі узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Крамлёўская хунта ўспрымае гэтыя жэсты як праяву слабасьці і страху. І стане дзейнічаць адпаведна — у стылі сваёй даўняй традыцыі. І невядома, ці настане на Захадзе праясьненьне ад сьлепаты.

“Русскіе ребята” з ракетамі на польскай мяжы... “

15 лістапада 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра п'янства ў Расеі. Штогод 700 тысячаў расейцаў паміраюць ад алкагалізма. Нават у Дзярждуме адбыліся дыскусіі на гэтую тэмы. Дэпутат Генадзь Гудкоў казаў з трыбуны: “Алкагалізм уяўляе сабой пагрозу грамадзкай бясьпекі”. Газэта цытуе расейскае “патрыятычнае” выданьне “Дуэль”, рэпарцёр якой любіць экпэрымэнты на тэрыторыі: “Мяне шкада тых, хто верыць, што ў выпадку інтэрвэнцыі НАТО расейцы як адзін паўстануць супраць замежных агрэсараў. Палова жыхароў, ачмурэлых ад алкаголя, гэтага проста ня ўбачаць. Астатнія стануць на бок амэрыканцаў”. Рэпарцёр разьвесіў у сваім квартале аб'явы пра набор дабраахвотнікаў у армію ЗША для вайны ў Іраку. Увечары ён атрымаў ужо 50 заяваў ад грамадзянаў. Ён піша пра сваіх суседзяў: “У пасёлку, дзе я жыву, ня пьюць можа чалавек дзесяць. Астатнія ўпіваюцца цэлымі семьямі. Бьюцца, забіваюць, труцяцца падробленай гарэлкай. Калі раней можна было даволі рэдка ўбачыць пьяных падлеткаў, то цяпер на вуліцах поўна пьяных 13-14-гадовых алкаголікаў”.

Наш камэнтар: Прапануем польскім журналістам і ўсім іншым наступную рэфлексію: вось гэтыя “русскіе ребята” становяцца са сваімі ракетамі на беларуска-польскай мяжы...

“Царок ужо амаль згодны...”

15 лістапада 2007 г. Славацкая газэта “Pravda” піша пра нядаўнюю паездку Пуціна ў сібірскі Краснаярск. Расейскае тэлебачаньне паказала, як ён сядзіць і пье гарбату з мясцовымі высотнікамі-мантажнікамі. Адзін зь іх сказаў яму, што “трэба ісьці на трэці тэрмін — “без Вас нікак”... Цытуем газэту: “Пуцін адмовіўся сказаць, ці ён будзе імкнуцца заняць нейкую канкрэтную пасаду альбо будзе ўплываць на палітыку здалёк. Пуцін сказаў: “У якой форме я гэта буду рабіць, на гэтае пытаньне я яшчэ сёньня не магу даць адназначнага адказу. Але існуюць многія магчымасьці”.

Наш камэнтар: Трэба прызнаць, што сярод бясконцых схалястычных разважаньняў у заходніх СМІ наконт “трэцяга тэрміну” гэты артыкул славацкай газэты ёсьць найбольш рэалістычны. Славакі добра заўважылі, што Пуцін ужо не гукае, як зусім нядаўна — “Я на третій срок не пойду. Констітуція не веліт!” Размова з цягам часу і з набліжэньнем тэрміну прэзыдэнцкіх выбараў набірае новы сэнс. “Звароты трудяшчіхся” — усіх гэтых ткачых, мантажнікаў, заслужаных мастакоў і іншых — пачынаюць даваць вынік: “Царь уже почті согласен” застацца на троне.

Расейская пагроза Грузіі

Зьдзяйсьняецца крамлёўская пагроза наконт “адэкватнага адказу” Грузіі пасьля правалу антыдзяржаўнага перавароту, арганізаванага па загаду з Масквы тбіліскай “аб'яднанай апазыцыяй”. 13 лістапада грузінскія ўлады паведамілі, што на тэрыторыю Абхазіі ўведзены дадатковыя расейскія вайсковыя сілы: 200 вайскоўцаў, комплексы “Град”, танкі, браневікі і гаўбіцы. Памятаем, як нам. міністра МЗС РФ Камынін заявіў 8 лістапада, што “мы обеспечим защиту российских граждан”. На працягу шэрагу гадоў яны раздавалі ў акупаванай правінцыі Грузіі пашпарты РФ, а цяпер будуць бараніць гэтых “граждан” ад Грузіі.

Надзея “рускай дэмакратыі”

13 лістапада ў Маскве падаў голас Мікіта Бялых, старшыня так званага Саюза Правых Сілаў Расеі. Нагадаем, што яго і ягоных падначаленых надта ж любіць запрашаць на свае эўрамаршы менская псэўдаапазыцыя, выстаўляючы іх як “надежду русской демократіі” (якая — за “дэмакратычную інтэграцыю Беларусі ў Расею”). У Бялых і СПС вялікія праблемы. Напярэдадні парляманцкіх выбараў з іхных шэрагаў масава разьбягаюцца партыйцы і больш таго — кандыдаты, выстаўленыя ад СПС на выбары. У апошнія дні ў шэрагу рэгіёнаў зьнялі свае кандыдатуры асобы, якія ўзначальвалі выбарчы сьпіс СПС. Бялых абвінавачвае ў гэтым нам. старшыні прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Гаваруна. Маўляў, гэты Гаварун асабіста тэлефануе кандыдатам ад СПС і абяцае ім непрыемнасьці, калі тыя будуць кандыдаваць у супрацьвагу Пуціну.

Можа так яно і ёсьць. Але калі так, то крамлёўскія гаваруны перастараліся. Кожнаму зразумела, што “правыя” ня маюць ніякіх пэрспэктываў на маючым адбыцца выбарчым спэктаклі. У Крамлі нават сур'ёзна абмяркоўваецца магчымасьць спыненьня прыёму новых сябраў у пуцінскую партыю “Едіная Россія”. Ахвотныя кан'юнктуршыкі павалілі ў ЕР, расштурхваючы дарогу локцямі. Усе хочуць засьведчыцца ў вернасьці крамлёўскаму начальніку і “ягонай лініі” (апошнім часам так стала называцца палітыка пуцінізма) ды пасьпець на сакрушальную і “элегантную” перамогу пуціністаў. І каго цяпер з “маскоўскіх дэмакратаў” будуць выстаўляць на сваіх балотных маршах вінцучкі-лебедько-мілінкевічы?

Юрка Марозаў, Янка Базыль