РАЗВАЖАЕ ЧАРГОВЫ “РУСІСТ”
9 лістапада 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” піша пра “рускую душу”. У якасьці эпіграфа падаецца вядомая цытата з Цютчава: “Умом Россію не поймёшь...” А далей разгортваецца аналіз, запрапанаваны нідэрляндскім псіхолагам і сацыяёлагам Гээртам Гофстэдэ. Ён напісаў шэраг дасьледваньняў пра мэнталітэт цяперашняга насельніцтва Расеі. І зрабіў выснову, што гэты мэнталітэт знаходзіцца паміж усходнім пакланеньнем перад уладай і заходнім індывідуалізмам. Прычым, ёсьць нюансы ў залежнасьці ад геаграфічнай пазіцыі. Напрыклад, у паўднёвым Стаўрапалi галяндзец убачыў больш усходняга, а ў Цюмені адчуў больш заходняга індывідуалізму. На пабудове БАМа, на ягоную думку, сабраліся імпэтныя асобы, якія імкнуліся да асабістага посьпеху. І г.д.
Наш камэнтар: Той, хто ў нас прынамсьці пацікавіўся Нідэрляндамі, іх народам, гісторыяй і культурай, той ведае пра гэтую краіну значна больш за гэтага заходняга аўтарытэта па Расеі. Цікаўны беларус ведае, што ў Нідэрляндах жыве адметны этнас, які дбае пра сваю мову і традыцыі — фрызы, якія ня блытаюць сабе з галяндцамі, маюць ня толькі свае культурныя цэнтры, газэты, выдавецтвы ў сваёй мове, але і нацыянальныя палітычныя партыі. Беларус задасца пытаньнем, чаму пасьля перамогі Бэльгійскай рэвалюцыі ў 1830 годзе (і на працягу далейшых 123 гадоў) нідэрляндскамоўныя фламандцы не захацелі злучаць сваю краіну з суседнімі Нідэрляндамі. І г.д.
Заходні навуковы аўтарытэт з самаўпэўненасьцю схалястыка разглядае Расею як дом выключна расейскага этнасу, ня бачыць імпэрскага характару дзяржутварэньня РФ. Ён ня згадвае пра беларусаў і ўкраінцаў, якія пампавалі і пампуюць цюменскую нафту і будавалі БАМ — можа адсюль гэты “эўрапейскі індывідуалізм”? Для яго няма татараў, башкіраў і дзесяткаў іншых этнасаў, якія ў адрозьненьні ад расейцаў маюць вялікія семьі, працуюць і не сьпіваюцца. Адным словам, перад намі чарговы “русіст”, вельмі задаволены сабой і сваімі ганарарамі. Такіх процьма на Захадзе. Там практычна немагчыма знайсьці адэкватнага чалавека ў гэтых колах. Самае небясьпечнае, што гэтая публіка выступае ў ролі саноўных дарадцаў заходніх урадаў у справе адносінаў з Масквой і адпраўкі туды чарговых фінансавых траншаў.
Юрка Марозаў