“ЧЭХАСЛАВАЦКІ КОРПУС”

10 лістапада 2007 г. Славацкая газэта “Pravo” публікуе артыкул пад тытулам “Славакаў там называюць белачэхамі”. Славацкі журналіст наведаў Марскія могілкі горада Уладзівастока. Там пахаваны 163 легіянэры Чэхаславацкага корпуса, якія загінулі ў баях супраць Чырвонай арміі ў 1919 г. На пачатку 1918 г. па дамоўленасьці з заходнімі дзяржавамі урад Леніна дазволіў тысячам чэхаў і славакаў з аўстрыйскай арміі, якія былі ў расейскім палоне, вярнуцца ў Заходнюю Эўропу. Па Сібіры ў бок расейскага Прымор'я рухаліся 63 цягнікі з жаўнерамі і афіцэрамі Чэхаславацкага корпуса. Але раптам ваенны міністар Троцкі загадаў раззброіць чэхаславакаў. Калі бальшавікі сунуліся былі выконваць шалёны загад, Корпус пачаў узброенае паўстаньне і далучыўся да белай арміі Калчака. Дагэтуль расейцы з няпрыязьню выказваюцца аб тых чэхаславаках: маўляў, яны палілі і стралялі. Журналіст упэўнены, што гэта ёсьць вынікі шматгадовай савецкай прапаганды. Славацкі ўрад узяў пахаваньні легіянэраў у Сібіры пад ахову. Расейцы дагэтуль агулам называюць усіх легіянэраў “белачэхамі”. Але, напрыклад, у Татранскім палку Корпуса было 60% славакаў.

Наш камэнтар: Беларусам добра знаёмая гэтая манерка называць усіх “рускімі” або “чэхамі”. Славакі (урад, гісторыкі і грамадзтва ў цэлым) актыўна аднаўляюць гістарычную праўду. А аднаўляць ёсьць што. Пасьля правакацыі Троцкага бальшавікі нарваліся на магутны выбух народнага супраціву. Чэхаславацкі корпус імкліва захапіў практычна ўсю цывілізаваную (вакол чыгункі) Сібір да самага Ціхага акіяна. Жаўнеры не разгубіліся ў чужым краі, не напалохаліся бальшавіцкіх пагрозаў. Яны занялі буйныя гарады, масты, вакзалы, усталявалі сваю ўладу і вельмі сур'ёзна пакаралі чэкістаў і бальшавікоў. Чырвоная Масква трэслася ад страху, што Корпус можа павярнуць з Сібіры на Захад і разагнаць усю крамлёўскую кантору. Пасьля паразы Калчака Корпус здолеў прабіцца ва Уладзівасток і пагрузіцца з гонарам, з разгорнутымі сьцягамі на караблі заходніх хаўрусьнікаў. Больш за 25 тысячаў чэхаў і славакаў праз ЗША вярнуліся на радзіму, якая ўжо стала незалежнай пасьля разгрому Нямеччыны і Аўстрыі ў сусьветнай вайне. Наглядзеўшыся на бальшавізм у саветах, вэтэраны Корпуса ўключыліся ў дзейнасьць правых антыкамуністычных партыяў на радзіме.

Валеры Буйвал