АСЬВЕТА І СІЛА

(Выступ на лістападаўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

У кастрычніку адбываліся некаторыя падзеі, якія дазваляюць выказаць пэўныя меркаваньні.

У псэўдаапазыцыі “крызіс жанру” набыў гратэскавыя формы. Маразм і пустата гэтых асобаў выразна выявіліся ў небеларускім “маршы” 14-га кастрычніка.

Адсутнасьць беларускай палітычнай арганізацыі, якая б займалася сацыяльна-палітычнымі праблемамі і справамі народа, прыводзіць да выхаду на паверхню камуністаў (“сацыяльны марш”). Аднак, мне тут бачыцца тэндэнцыя (цалкам, дарэчы, авантурная) перакшталтаваньня псэўдаапазыцыі з “агульнадэмакратычнай” на лева-прамаскоўскую з апорай на камуністаў.

Тое, што за гэтай тэндэнцыяй стаіць агентура і фантазёры з КГБ-Лубянкі, у мяне не выклікае сумненьня. (Мы ўжо наглядзеліся на іхныя экспэрымэнцікі). Сімптаматычна таксама, што газэта “Наша Ніва” у гэтай сітуацыі прадэкляравала падтрымку камуністам (першым ненавісьнікам беларушчыны цяпер і ва ўсёй нашай гісторыі).

У ідэалягічным пэрспэктыўным пляне камунізацыя псэўдаапазыцыі, як кажуць, дохлая справа. Але звышзадача таго, што цяпер робіцца — іншая. Давесьці ўсё да абсурду і да маразму. Актыўнае дзеяньне гэтай левай псэўдаапазыцыі — сабраць антыбеларускія сілы, ськіраваныя на падтрымку Масквы. Зьнешні выгляд і працэс “сацыяльнага маршу” быў вобразам гэтага чаканага абсурду. (Чаго вартае было зьмяшаньне сымвалаў і дыскрэдытацыя Беларускага Нацыянальнага Сьцяга).

Традыцыйна і прыстойна адбыліся Крыжовае шэсьце і мітынг на Дзяды ў Курапатах і ў Лошыцы. Вялікая падзяка належыцца сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і прыхільнікам Адраджэньня за хуткае, добрае і апэратыўнае аднаўленьне Курапацкага Крыжа Пакуты і мэмарыяльнай лавы прэзыдэнта У. Клінтана (рэстаўраваў А. Шатэрнік). Сёлетняя сітуацыя на Беларусі, якая склалася ў кастрычніку, добра паказала, наколькі правільным і неабходным для Беларускага Адраджэньня было вызначэньне Курапатаў і стварэньне там Народнага Мэмарыялу адным з галоўных прыярытэтаў у нашых грамадзкіх дзеяньнях.

Нагадаю ў каторы раз, што сытуацыя палітычнага развалу, інспірацыя псэўдаапазыцыі і імітацыі, якую стварылі на Беларусі непрыяцелі беларушчыны, у прынцыпе ня можа прывесьці да якіх-небудзь пераменаў у жыцьці і палітыцы. Палітычнае балота — мэтад гарантаванага існаваньня дыктатуры. Для пераменаў і перамогі неабходна стварэньне беларускай нацыянальнай сілы. Для кансалідацыі беларускай сілы неабходна нацыянальнае асьветніцтва грамадзтва, якое фармуе нацыянальную сьведамасьць. Гэта ёсьць азбука, ня вывучыўшы якой ніхто ня стане чытаць. Ніхто не ўратуе, не збудуе і не ўзьвялічыць Беларусь, акрамя самых беларусаў, якія, шануючы сябе, з гонарам будуць любіць сваю беларускую мову, Бацькаўшчыну і свабоду. Трагедыя і драма Беларусі ў тым, што такіх беларусаў мала. Унутраная акупацыя, рэжым, русіфікацыя, нішчэньне памяці і культуры ёсьць вытворныя чыньнікі гэтага замкнёнага кола драмы, якое ўдалося ненадоўга прарваць у 1991-м як толькі вырасьлі першыя парасткі народнай сілы (Беларускі Народны Фронт).

Раней я пісаў пра асноўныя складнікі асьветніцтва і нацыянальнага адраджэньня. Гэты — мова, гісторыя, дзяржава. Галоўнай у гэтай трыядзе ёсьць мова. Бо толькі пакуль існуе беларуская мова, будзе жыць Беларускі народ.

Цяпер антыбеларускі рэжым яшчэ больш узмацняе русіфікацыю і нішчэньне беларускай мовы. У асьветніцкай палітыцы Фронту і нашай народнай партыі абарона і сьцьвярджэньне беларускай мовы павінна стаць у гэтым моманце прыярытэтным дзеяньнем. Неабходна прапанаваць мадэль жыцьцёвых паводзінаў ва ўмовах унутранай акупацыі і перасьледу ўсяго беларускага. Да слова сказаць, напрыклад, у эміграцыі ўсе народы (акрамя, відаць, беларусаў) прынялі вельмі простую і эфэктыўную мадэль: як толькі пераступіў парог і ўвайшоў у свой дом, — гаворым выключна на сваёй мове. Гэтак жа і са сваімі, дзе б ні былі. У выніку мексіканцы, карэйцы і г.д., нават курды пакаленьнямі за мяжой гавораць і ведаюць сваю мову. Беларусы ўжо ў першым пакаленьні робяцца нямымі. Бывае, што дзеці нават інтэлігентных і сьведамых беларусаў (у вольным сьвеце) нават не разумеюць па-беларуску.

Пра прычыны і фэнамэн гэтай нікчэмнай зьявы я ня буду разважаць у гэтым лісьце, але ведаючы прычыны, мяркую, што сусьветны прынцып выжываньня народаў за мяжой трэба ўвесьці за правіла на Беларусі пры антыбеларускай уладзе. У доме — гаворым толькі па-беларуску. Для тых, хто зразумее, што Беларусь ёсьць наш агульны дом — прынцып такі ж: у Беларусі гаворым па-беларуску. (Менавіта так паводзілі сябе прыбалтыйскія народы за савецкай акупацыяй. І выжылі, і здабылі свабоду).

Цяпер ёсьць шмат маладых беларусаў, якія прыхільныя да сваёй мовы, гісторыі і культуры, але з прычыны акупацыйнага школьнага выхаваньня не гавораць па-беларуску. І тут ёсьць дакладныя рэкамэндацыі, каб іхныя дзеці з самага маленькага ўзросту бездакорна загаварылі на беларускай мове. Ёсьць магчымасьць перакуліць піраміду русіфікацыі наадварот: бацькі — па-руску, дзеці — па-беларуску. Спосаб паводзінаў і дэрусіфікацыі ва ўмовах асіміляцыйнай палітыкі нам трэба абазначыць у бліжэйшы час. Асноўныя прынцыпы. Якія, не сумняваюся, будуць дапрацаваныя шляхам грамадзкага абмеркаваньня.

У 2008 годзе Беларускае Адраджэньне павінна мабілізавацца як актыўная сіла. Рэсурсы адновяцца па меры дэградацыі “падстаўной апазыцыі” і па меры яе камунізацыі (ад чаго Масква, відаць, не адступіцца). Ёсьць рэсурсы і па-за межамі Партыі, якія можна ўключыць у агульную справу адраджэньня Беларусі.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 лістапада 2007 г.