ГРУЗІЯ БАРОНІЦЦА АД РАСЕЙСКАЙ ПРАВАКАЦЫІ
8 лістапада 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” паведамляе з Тбілісі. На працягу некалькіх дзён там адбываюцца выступы апазыцыі, якая патрабуе адстаўкі прэзыдэнта Саакашвілі і датэрміновых парляманцкіх выбараў. 7 лістапада паліцыя разагнала мітынг каля будынка парляманта. Прэзыдэнт Саакашвілі абвясьціў у краіне надзвычайнае становішча на 15 дзён. Ён сказаў, што “за падзеямі ў Грузіі стаяць алігархічныя сілы Расеі” і што “ўлада не саступіць”. Амбасадар Грузіі ў РФ адкліканы з Масквы. Грузія абвясьціла трох расейскіх дыпляматаў пэрсонамі нон грата за іхную шпіёнскую дзейнасьць і запатрабавала, каб яны пакінулі тэрыторыю краіны.
Наш камэнтар: Расейскае міністэрства замежных справаў ужо заявіла на гэта, што “Расея дасьць адэкватны адказ на дзеяньні Тбілісі” і “будзе спрыяць абароне грамадзянаў РФ у Паўднёвай Асэціі і Абхазіі”. Можна сябе ўявіць, што гэта будзе за “адэкватны адказ”. Вось для чаго ў гэтыя дзьве акупаваныя расейскімі “міратворцамі” правінцыі Грузіі на працягу гадоў вагонамі завозілі пашпарты РФ і раздавалі іх направа і налева грамадзянам Грузіі. Нібыта “самы сабой” на тэрыторыі сувэрэннай краіны ўтварыліся вялікія групы людзей з расейскім грамадзянствам, якіх Маскве цяпер “трэба ратаваць”. Ад самага пачатку апошняга канфлікту беларусам было зразумела, што Масква кінула пэўным колам у Грузіі вялікія грошы для дэстабілізацыі краіны. Грошы пачалі працаваць. Але легітымная ўлада бароніць дзяржаву ад чарговай расейскай правакацыі.
***
Падобна на тое, што Масква зусім не чакала апэратыўных дзеяньняў уладаў Грузіі па спыненьні правакацыі, арганізаванай на маскоўскія грошы. Раніцай і нават апоўдні 8 лістапада Крэмль яшчэ ня мог ачухацца пасьля атрыманьня зьвесткі пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў краіне, якую па загадзе імпэрыі хацелі б расхістаць антыдзяржаўныя прамаскоўскія сілы. У нэтрах крамлёўскіх кабінэтаў назіраецца чыста эмацыйная рэакцыя, галоўны начальнік маўчыць як вады ў рот набраўшы. Як і ў даўнія смутныя часы на чырвоны гаўбец Гранавітай палаты выштурхнулі баяраў, якія запоўнілі сабой інфармацыйны вакуум. Старшыня Дзярждумы Б. Грызлоў (крыва і ненатуральна ўсьміхаючыся) сказаў, што “у Грузіі пачынаецца кравапраліцьце” і “усё арганізавала амэрыканская выведка”. Баярын Ю. Лужкоў заклікаў тэрмінова прызнаць незалежнасьць Абхазіі. Выглядае на тое, што адразу ж пасьля правалу апошняй лубянскай правакацыі з выбухам у Тальяці (дзе тысячы людзей замахалі кулакамі і загаласілі: “Як толькі выбары, дык пачынаюцца выбухі! Усё мы разумеем, будзьце вы праклятыя!”) Крэмль ўвальваецца ў яшчэ адзін, гэтым разам міжнародны правал.
Янка Базыль