ФРАГМЭНТ ДОПІСУ НА РАДЫЁ СЬВЕДКІ ПАДЗЕЯЎ

Ільля Копыл: “Добры вечар, “Свабода”! Адбылася, магчыма, апошняя ў гэтым годзе акцыя апазыцыі — Сацыяльны марш. Трэба меркаваць, што зараз пачнецца “сьпячка” да 25 сакавіка. Сацыяльны марш значна адрозьніваецца ад Эўрапейскага маршу. Эўрапейскі марш адбыўся больш прыстойна, яго склад быў больш аднародны, хоць і ёсьць шмат недахопаў. На Сацыяльным маршы стаялі людзі пад рознымі сьцягамі: бела-чырвона-белыя — прыхільнікі БНФ, чырвоныя сьцягі зь мінулага — прыхільнікі ПКБ, расейскія трыкалёры — ня ведаю, можа, прыхільнікі саюзу з Расеяй. Удзельнічалі дзьве вельмі згуртаваныя суполкі па 100-150 чалавек: пад чырвона-чорным сьцягам, магчыма, гэта было РНЕ (рэд. — анархісты), пад бела-чырвона-белым сьцягам з чорным ромбам на чырвоным полі — “Белая Воля”. Гэтыя дзьве групоўкі прыйшлі на Марш, каб перашкодзіць яго правядзеньню. “Белая Воля” і РНЕ (рэд. — анархісты) былі ў большасьці абутыя ў міліцэйскія боты, на галовах — аднолькавыя чорныя вязаныя шапкі, паводзілі сябе вельмі агрэсіўна і нахабна. “Белая Воля” выкрыквала лёзунгі “Слава Нацыі!”, “Слава Перамозе!”, “Не — лібэралізму!”, выкрыкнулі адзін раз, але няўпэўнена “БНФ — у Курапаты!”. Пасьля бойкі паміж гэтымі суполкамі “Белая Воля” атрымала загад звонку пакінуць Марш. У іх былі перагаворныя прылады. Перад унівэрсамам “Рыга” яны згарнулі свае сьцягі і зьніклі.”

(Паводле радыё “Свабода”!)