ЗАБЫТАЯ СТАРОНКА БЕЛАРУСКАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ

6 лістапада 2007 г. Швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet” прыгадвае падзеі Трыццацігадовай вайны (1618-48). Днямі споўнілася роўна 375 гадоў з дня гібелі швэдскага караля Густава ІІ Адольфа ў бітве пад Лютцэнам у Нямеччыне (1632 г.), а таксама 100 гадоў з дня адкрыцьця ў Лютцэне швэдскай памятнай капліцы. Да юбілея прыўрочана выданьне дзьвюх гістарычных кніг швэдскіх аўтараў, прысьвечаных той эпоcе. Газэта распавядае пра эвалюцыю гістарычных ацэнак далёкіх падзеяў і лёсы гістарычных помнікаў. Швэдскія войскі падчас Трыццацігадовай вайны ваявалі ў Нямеччыне супраць кааліцыі Каталіцкай Лігі. Перад Першай сусьветнай вайной прускі рэжым дазволіў пабудову швэдскай пратэстанцкай каплічкі, падкрэсльіваючы германскасьць швэдаў і пратэстанцкую салідарнасьць. У 1945 г. каплічка ў Лютцэне была ўнесена савецкай акупацыйнай адміністрацыяй ў сьпіс на зьнішчэньне як “помнік германскага мілітарызму”. На шчасьце, немцам удалося дамагчыся, каб каплічку выкрэсльлі з чорнага сьпісу. Культурныя (і па-добраму хітрыя) дзеячы прадставілі маскоўцам Густава Адольфа як “нэйтральнага швэдскага караля”...

Наш камэнтар: На жаль, гэтыя круглыя даты засталіся па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў. А ўспомніць ёсьць аб чым. Густаў ІІ Адольф — наш “даўні знаёмец”. Менавіта супраць яго войскаў Вялікае Княства Літоўскае вяло доўгую вайну ў Лівоніі, якая скончылася ў 1629 годзе цяжкім для ВКЛ Альтмаркскім мірам. Кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза ў той вайне змарнаваў сілы народаў Рэчы Паспалітай, спрабуючы вярнуць сабе швэдскую карону. Перамога беларускага войска пад камандваньнем Яна Кароля Хадкевіча над значна мацнейшым швэдскім войскам пад Кірхгольмам каля Рыгі (1605 г., пры бацьку Густава Адольфа — Карлу) — ярчэйшая старонка той няшчаснай для Беларусі вайны. Сустракаеш швэдскіх інтэлектуалаў на Беларусі, то яны ўпэўнены, што іхныя продкі ваявалі ў Лівоніі супраць палякаў. Задача новага пакаленьня беларускіх гісторыкаў: вяртаць нашу гісторыю і культуру ў эўрапейскі кантэкст. Туды, дзе ёсьць сапраўднае месца беларускай цывілізацыі.

Валеры Буйвал