МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ

4 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі мэмарыяльнае шэсьце і мітынг у Лошыцкім Яры — адным з месцаў у Менску, дзе расейскія акупанты забівалі беларусаў у 1937 годзе. Людзі сабраліся каля палаца культуры Камвольнага камбіната і рушылі шэсьцем пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і гэрбам Пагоня. Яны несьлі таксама транспарант “Памятайма пра ахвяры расейскага тэрору”.

Удзельнікі шэсьця прышлі ў Лошыцкі Яр, да Крыжа над магіламі беларускіх пакутнікаў. Людзі заслухалі зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Лошыцкі Яр. 70 гадоў” (публікуецца). Выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Ён падзякваў людзям, што нягледзячы на непагадзь прышлі, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяраў расейскага злачынства на нашай зямлі. Кожны чалавек робіць маральны выбар. І тады — у часы расейска-бальшавіцкай акупацыі, і цяпер — у часы ўнутранай маскоўскай акупацыі, людзі не баяцца рабіць свой маральны выбар. Нягледзячы ні на што наш народ захаваў вернасьць сваёй традыцыі, культуры і мове. Не ўдалося акупантам і іхным паслугачам зьнішчыць беларускі дух, спачварыць душу нашага народу. Калі на прыканцы 1980-х гадоў толькі пачыналася наша нацыянальнае Адраджэньне, афіцэры КГБ адкрыта казалі адраджэнцам: “Адкуль гэта вы зьявіліся і вас столькі? Вас жа ўжо даўно не павінна быць...” Акупанты былі ўпэўнены, што акупацыя і русіфікацыя зьнішчылі ўсё жывое і беларускае на нашай зямлі. Яны памыліліся. Пасеянае продкамі прарасло, дало плён. І дае плён цяпер, у цяжкі пэрыяд нацыянальнага прыгнёту. З намі сёньня шмат маладых людзей, моладзь ідзе разам са старэйшымі дарогай Адраджэньня Бацькаўшчыны. Адраджэнскай моладзі належыць будучыня. Рэжым пагражае зьнішчыць Крыж і магілы ў Лошыцкім Яры. Але мы не дамо нечысьці зьнішчыць нашу сьвятыню, будзем бараніць яе, як мы баранілі ад зьнішчэньня і паняверкі Курапаты. З намі нашы продкі, з намі нашы Дзяды!

Выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ён казаў пра неабходнасьць насьледаваць прыклад лепшых людзей ўсіх пакаленьняў нашага народу. Яны жылі ў праўдзе, ахвяраваліся дзеля Бацькаўшчыны, не баяліся ворага. Мы ўшаноўваем памяць нашых ахвяраў і нашых герояў на сьвятых магілах. Будзем жа жыць па праўдзе й мы. Гляньце, якое шоў наладзілі некаторыя мясцовыя СМІ пасьля сёлетнега мэмарыяльнага шэсьця і мітынгу ў Курапатах на Дзяды 28 кастрычніка. Яны імкнуліся выставіць наперад у сваіх рэпартажах не сапраўдных арганізатараў і ўдзельнікаў мерапрыемстваў, а падстаўную прамаскоўскую псэўдаапазыцыю. Прамаскоўская апазыцыя водзіць людзей на ганебнае балота Бангалор і выдае гэты абсурд за “барацьбу”. Гэта — прафанацыя. Менавіта такія прыстасаванцы і паслугачы рэжыму давялі да катастрофы Беларусь у 1930-я гады, яны выступалі правакатарамі ў той страшны час. Гісторыя паўтараецца.

Выступіў сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Ён нагадаў, што беларусы не адны змагаюцца за нацыянальнае вызваленьне, супраць фальшывых дзеячаў і падстаўных. Па ўсёй Эўропе разгортваецца народнае змаганьне за сваё, за роднае: людзі гуртуюцца пад нацыянальнымі сьцягамі ў Італіі, Угоршчыне, Польшчы, Чэхіі... Моладзь магутна заяўляе: “Мы не дазволім, каб Брусэль камандваў намі!” Многія людзі ўжо разумеюць, што брусэльская вярхушка падкуплена на шалёныя грошы Масквы і разам з Масквой зьдзяйсьняе мафійны падзел Эўропы. Не выпадкова вячоркі-лебедько-мілінкевічы так актыўна ваяжыруюць па брусэльскіх колах на Захадзе. Нельга дапусьціць, каб гэтая падстаўная публіка зганьбіла разам з рэжымам нашы сьвятыні, нельга дапускаць іх сюды — гэтых крывадушных і фальшывых дзеячыкаў. Учора яны наладзілі нейкі нібыта “антыкамуністычны форум”, а сёньня пад камандай камуністаў, пад чырвоным сьцягам зноў вядуць людзей на бангалорскае балота “сацыяльным маршам”. Што гэта за паводзіны? Ці ж так паводзяць сябе сур'ёзныя людзі?

Народы Эўропы аб'ядноўвае супольная гісторыя, памяць пра ахвяры фашызму і камунізму. Паўсюль людзі шануюць сваіх пакутнікаў. Не дазволім жа і мы, каб непрыяцелі растапталі нашы сьвятыні!

Прысутныя засьпявалі гімн “Магутны Божа”, усклалі кветкі да Крыжа, запалілі сьвечкі і зьнічкі.

http://web.archive.org/web/20100810213322im_/http://pbpf.org/photos/losh/losyca1.jpg

http://web.archive.org/web/20100810213322im_/http://pbpf.org/photos/losh/losyca2.jpg

http://web.archive.org/web/20100810213322im_/http://pbpf.org/photos/losh/losyca3.jpg

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

4 лістапада 2007 г.