РОЗНЫЯ РЭЖЫМЫ — РОЗНЫЯ ПАДЫХОДЫ
3 лістапада 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра мэмарыяльныя мерапрыемствы на Дзень Усіх Сьвятых — 1 лістапада і Дзень Задушны — 2 лістапада (у беларусаў гэта Дзяды). Прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус з прадстаўнікамі дзяржадміністрацыі, грамадзтва і вэтэранамі нацыянальна-вызваленчай барацьбы наведаў Антокальскія могілкі ў Вільні. Былі ўскладзены вянкі на магілы абаронцаў незалежнасьці, якія загінулі ў 1991 годзе, і выдатных дзеячоў культуры.
Наш камэнтар: Такія ж паведамленьні надрукаваны ў польскіх газэтах. Кіраўнікі краіны і мільёны людзей запалілі зьнічкі на могілках па ўсёй Польшчы і на польскіх магілах па ўсім сьвеце.
На Беларусі, як вядома, выходны дзень на Дзяды адменены рэжымам ужо больш за дзесяць гадоў таму. Бязбожны, антыбеларускі рэжым распачаў у гэты дзень чарговыя сатанінскія скокі — Менск абвешчаны “часовай сталіцай сусьветнага камунізму”, тут сабраліся заморскія госьці з розных кампартыяў. Таксама некаторыя асабліва збочаныя бязбожнікі спрабавалі на свята Усіх Сьвятых ушанаваць цёмную сілу (як гэта робіцца сярод бязбожнай часткі Амэрыкі).
У Курапаты прышлі, аднак, амбасадары дэмакратычных краінаў, былыя вязьні ГУЛАГу і сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якія будуюць Народны Мэмарыял на гэтым сьвятым месцы. Людзі маліліся, усклалі кветкі і запалілі зьнічкі на магілах пакутнікаў. Сапраўдная Беларусь і яе сапраўдныя сябры былі ў гэты дзень тут, а не на камуністычным шабасы, наладжаным прыгнятальнікамі.
Валеры Буйвал