ЛЕВЫ ТУПІК
2 лістапада 2007 г. Латвійская газэта “Diena” публікуе артыкул пад тытулам “Канфлікт перамясьціўся ў Эўропу”. Такую выснову робяць нямецкія спэцыялісты па Ісламу і ўсходніх праблемах, а таксама нямецкія палітыкі і адміністратары. У сувязі з апошнім узброеным канфліктам паміж турэцкай арміяй і курдскімі партызанамі ў Турцыі і Іраку ў Эўропе назіраецца актывізацыя турэцка-курдскіх сутыкненьняў. У Нямеччыне, Нідэрляндах і Бэльгіі адбыліся шматтысячныя дэманстрацыі курдаў і турак, якія перараслі ў брутальныя сутыкненьні паміж моладзю гэтых этнасаў, а таксама да ўмяшальніцтва паліцыі. Цікава прагучала ацэнка адной з “лагодных дэманстрацыяў”: “дэманстранты ўсяго толькі пабілі шыбы ў навакольных будынках”. У горшых выпадках на вуліцах застаюцца спаленыя машыны і разгромленыя крамы. Дэманстрацыі зазвычай пачынаюцца ў кварталах эўрапейскіх гарадоў, якія ўжо цалкам заселены курдамі і туркамі, а потым перамяшчаюцца ў цэнтар. У Нямеччыне жыве 700-800 тысячаў курдаў.
Наш камэнтар: Нагадаем, што ў Нямеччыне і іншых заходніх краінах жывуць мільёны турак (у Турцыі прапісаліся лічаныя адзінкі заходніх эўрапейцаў). Усё пачалося з 1960-70-х гадоў, калі лібэралы-сацыялісты вырашылі забясьпечыць Захад працоўнай сілай і шырака расчынілі дзьверы Эўропы для мільёнаў людзей чужой традыцыі і культуры (у якіх ёсьць свае айчыны). Цяпер на вачах эўрапейскіх грамадзянаў, пад іхнымі вокнамі разгортваецца крывавы міжэтнічны і абсалютны чужы канфлікт. Аглядаць курдска-турэцкае поле боя становіцца ўсё больш зручна: праз выбітыя шыбы. Дзяржаўныя структуры пачынаюць намякаць, што ўжо не даюць рады ў выкананьні аднаго са сваіх галоўных абавязкаў: забесьпячэньня бясьпекі і стабільнасьці для сваіх грамадзянаў. Падобна, што ў хуткім часе газэты будуць паведамляць: “Паспалітае рушэньне турэцкага горада Гамбурга ўзяло штурмам курдскі горад Вісбадэн і актыўна разьвівае наступ ў бок алжырскага Сэн-Дэні...” Эўропа сапраўды перажывае тупіковы пэрыяд у сваёй гісторыі.
Валеры Буйвал