РАСЕЯ: СКАЖАМ СВАЁ “НЕ” ДАРАГОМУ ТАВАРЫШУ ПУЦІНУ

1 лістапада 2007 г. Нямецкая газэта “Die Welt” паведамляе пра перадвыбарчыя мэтады пуцінскай “Едіной Россіі”. “Едінороссы” актыўна раздаюць выбарцам гарэлку, пальчаткі і іншыя “падарункі”. АБСЭ і шэраг міжнародных арганізацыяў выказалі трывогу наконт зьмяншэньня расейскімі ўладамі колькасьці міжнародных назіральнікаў, якіх акрэдытуюць на парляманцкіх выбарах у РФ.

Наш камэнтар: Мяркуючы па тэкстах у нямецкай газэце (і шэрагу іншых газэтаў ва ўсім сьвеце), заходнікі так і не зразумелі, чаму пуціністы раздаюць гарэлку і іншы палітхабар расейскім грамадзянам. Трактоўка заходніх палітыкаў і СМІ наступная: маўляў, яны завабліваюць людзей галасаваць за Пуціна і ягоную партыю ўлады. Чарговая наіўнасьць дэмсьвету. Гарэлка і іншае раздаецца выбарцам дзеля таго, каб яны проста зьявіліся на выбарчыя ўчасткі, “засьвяціліся” там, стварылі неабходную “выбарчую масу”. За каго будуць галасаваць гэтыя завабленыя гарэлкай грамадзяне, абсалютна няважна Пуціну з кампаніяй. Там (як і ў РБ) ужо даўно ніхто не падлічвае галасы, усё вырашана заранёў. Пакуль што рэжыму важна, каб не былі да сьмешнага пустымі выбарчыя ўчасткі. І вось, дарэчы, пацешная псэўдаапазыцыя Каспараў-Зюганаў-Лімонаў (адпаведнік менскім Калякіну-Лебедько-Вячорку) і “прімкнувшій к нім” савецкі дысыдэнт Ул. Букоўскі прыкладаюць усе намаганьні, каб разам з пуцінскім рэжымам загнаць людзей на выбарчы спэктакль, каб там расейцы “сказалі своё НЕТ” — а фактычна паспрыялі фальшывай электаральнай перамозе крамлёўскага ФСБ зь ягоным начальнікам. І ніякія замежныя назіральнікі ня здольныя раскрыць гэтае электаральнае шулерства — мы шэраг разоў бачылі іхную бездапаможнасьць на Беларусі. Мадэль, адпрацаваная антыбеларускім рэжымам і прысьцёбнутай да яго прамаскоўскай псэўдаапазыцыяй, маштабна разгортваецца на прасторах Расеі.

Валеры Буйвал