СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ БУДЗЕ
31 кастрычніка 2007 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” піша пра дэбаты ў Кангрэсе гішпанскіх дэпутатаў. Рыхтуецца да прыняцьця Закон Гістарычнай Памяці. Гішпанскае грамадзтва патрабуе справядлівасьці для ахвяраў пэрыяду грамадзянскай вайны і дыктатуры генэрала Франка (1936-1977 гг.). У праекце Закона прадугледжваецца дасьледваньне брацкіх магілаў ахвяраў дыктатуры з мэтай высьвятленьня імёнаў і лёсаў людзей, прызнаньне незаконнасьці франкісціх трыбуналаў, а таксама канчатковая ліквідацыя ўсіх знакаў былой дыктатуры (шыльдаў, скульптурных выяваў і г.д.). Шэраг асацыяцыяў грамадзянаў незадаволены рамкамі Закона і патрабуюць прыцягнуць да суду і пакараць адказных за зьверствы пэрыяду дыктатуры.
Наш камэнтар: Гістарычная памяць і справядлівасьць вельмі важныя для гішпанскага грамадзтва. Гэта сьведчыць пра яго высокую культуру і нармальны стан душы. Гішпанцам ня сьнілася шалёная кампанія ўсхваленьня Леніна-Сталіна-НКВД-КГБ-СССР, якую разгортвае ўсё актыўней антыбеларускі рэжым па загаду з Масквы ў нашай краіне. Але ўршце настане канец гэтаму акупанцкаму маразму, будзе справядлівасьць і на нашай зямлі.
Юрка Марозаў