ЛУХТА НА ПОЎНЫМ СУР'ЁЗЕ

31 кастрычніка 2007 г. Славацкая газэта “Pravda” перадрукоўвае тэкст пра Пуціна, разасланы па ўсім сьвеце інформкампаніяй Reuters. Пуцін прадставіў у ЦВК РФ зьвесткі пра сваю маёмасьць. У яго ёсьць дзьве старэнькія машыны-Волгі (спадчына ад бацькі), старая кватэра ў Пецярбурзе і 3,7 мільёна рублёў на некалькіх “кніжках”. Ягоны месячны заробак складае 170 тысячаў рублёў, гэта ў пяць разоў менш, чым у амэрыканскага прэзыдэнта. Славацкая газэта прыгадвае, што разам з Пуціным кандыдуюць ад “Едіной Россіі” шэраг мільянэраў. Побач зь імі ён проста бедны родзіч.

Наш камэнтар: І ўсё гэта на поўным сур'ёзе... Старыя байкі з той жа сэрыі: Ленін, які еў у царскім астрозе чарнілкі, зробленыя з хлеба; Сталін, які ўсё крамлёўскае жыцьцё прахадзіў у адным старым фрэнчы; Гарбачоў, які “не пил, не курил, тёще “мама” говорил”... З усяго гэтага самае дзіўнае, што ў распаўсюджваньні гэтай лухты бярэ актыўны ўдзел заходняя карпарацыя навінаў Рэйтэрс — адзін з найвялікшых аўтарытэтаў у сьвеце, на які любяць спасылацца, як на Біблію. Хаця нічога дзіўнага ў гэтым няма. Ведаем мы, хто займаецца, напрыклад, падачай навінаў на Рэйтэрс з Беларусі. Мясцовыя людзі, якія ня ўмеюць пісаць і размаўляць па-беларуску (дзякуй, што хаця разумеюць нашу мову). Аднаго зь іх я сустрэў нядаўна ў Курапатах. Малады чалавек з Рэйтэрс цікавіўся паламаным Крыжом Пакуты. Аказваецца, ён упершыню быў у Курапатах. Найбольш мяне збянтэжыў ягоны “аптымізм”. Ён радасна казаў: “А в подземном переходе на Куропаты я видел надписи ANTIFA. Как хорошо, как хорошо... Ведь это значит, что антифашисты тоже защищают Куропаты...” Я паспрабаваў запярэчыць, што дзікае размалёўваньне сьценаў і падземных пераходаў гэта — не антыфашызм і не абарона, а нешта зусім іншае. Я ня ўпэўнены, што ён зразумеў мяне. Гэтыя “праінфармуюць” чалавецтва.

Валеры Буйвал