“А ГЭТЫЯ НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЮЦЬ...”

30 кастрычніка 2007 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” піша пра выставу, прысьвечаную творчасьці выдатнага дацкага фотамастака Марынуса Кьельгора (1885-1964) у мастацкім музэі горада Ольборга. Найбольш плённы пэрыяд ягонага жыцьця (1932-1939) прайшоў у Парыжы, дзе ён працаваў у сатырычным часопісе “Марыян”. Кьельгор стварыў шэраг выдатных фотамантажоў на палітычную тэму. Ягоныя героі — дыктатары таго часу: Франка, Гітлер, Сталін. Творы выдатныя ня толькі па эстэтычных крытэрыях. У некаторых зь іх майстар прадэманстраваў дар прадбачаньня. Напрыклад, літаральна напярэдадні пачатку Другой сусьветнай вайны ён стварыў фотакампазыцыю “Засталося пяць хвілін”, на якой Сталін (у касьцюме абрэка) і Гітлер круцяць стрэлкі вялікага гадзіньніка. На трынаццаты дзень вайны Кьельгор стварыў кампазыцыю “Я хачу ўсё”: Гітлер накрыў зямную кулю жалезным шлемам кайзэраўскіх войскаў і прагна ўзіраецца ў сваю здабычу. Падчас нямецкай акупацыі Францыі мастак ацалеў цудам, многія зь яго калегаў загінулі ў канцлягярох.

Наш камэнтар: Гэта не адзіны ў мастацтве прыклад прадбачаньня і глыбокага разуменьня падзеяў. У верасьні 1939 года заходнія палітыкі і грамадзтвы гуляліся ў “дзіўную вайну” супраць гітлерскіх агрэсараў (бо “ніхто не хацеў паміраць за Гданьск”, і ўсе спадзяваліся неяк папалохаць і ўрэшце ўлагодзіць агрэсара). А выдатны мастак сілай творчасьці сфармуляваў сапраўдныя мэты гітлерскага нападу на цывілізацыю, ён зразумеў усё у адрозьненьне ад чэмбэрленаў.

Прыгадваючы гэта, нават ня ведаеш, з чым можна параўнаць гэтую даўнюю творчую зьяву ў нашай цяпершчыне. Успомнім, колькі яркіх і вострых сатырычных твораў нарадзілася ў беларускім мастацтве ў 1988-94 гадах. Скрозь сьмех беларусы ясьней і выразьней бачылі сэнс зьяваў і канфліктаў, характары палітпэрсанажаў і дэмагогаў. У цяперашняй задушлівай атмасфэры ад гэтага не засталося амаль нічога: тыя баяцца, а гэтыя нічога не разумеюць...

Валеры Буйвал