ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ: “СПАЗЬНІСЯ Б МЫ НА ТРЫ ДНІ — МОГ БЫ БЫЦЬ “ЮГАСЛАЎСКІ” ВАРЫЯНТ”
Вольга Караткевіч, Прага. Госьць “Начной Свабоды” — выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня.
Караткевіч: “Спадар Юрась, Вы ўдзельнічалі ў онлайн-канфэрэнцыі на сайце Свабоды. Ці была яна нечым адметная для Вас?”
Беленькі: “Так. Яна была адметная. Я адчуў беларускую накіраванасьць, беларускі дух у гутарцы з беларусамі.Для мяне гэта было вельмі прыемна і дадало сілаў”.
Караткевіч: “Пытаньняў Вам было шмат, больш за 80, але мы атрымалі і званок, дзе жанчына задае Вам пытаньне: “Як спадар Беленькі ацэньвае ролю Пазьняка ў сучаснай Беларусі? І другое пытаньне. Якое значэньне для беларускай нацыі маюць Курапаты? Дзякую”.
Беленькі: “Я сёньня на онлайн-канфэрэнцыі прывёў адзін эпізод, можа быць, ключавы ў найноўшай гісторыі Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы. У жніўні 1991 году пасьля правалу КГЧП панавала эйфарыя і сярод маіх калег, у грамадзтве, і ў кантрасьце раптам — такі напружаны твар Пазьняка. І прапанова: “Хлопцы, за працу! Трэба тэрмінова зьбіраць сэсію!”. І адказы некаторых памятаю — “Ды навошта? Гэта ж усё правалілася...”. Пазьняк кажа: “Не. Калі зараз ня зробім — потым будзе позна. Трэба зараз рабіць”. І тэрмінова склікалі сэсію, прынялі ўсе рашэньні, якія юрыдычна замацавалі Незалежнасьць Беларусі. Ну а праз тры дні пасьля таго, як мы гэта зрабілі, пайшлі ўжо ўказаньні з Масквы (Масква ўключыла сваю агентуру), каб ўсё гэта скасаваць. Але было немагчыма. бо каб адмяніць, трэба было дзьве траціны галасоў дэпутатаў. Вы разумееце, спазьніліся б мы на гэтыя тры дні — што было б потым? Якія маглі б працэсы пайсьці на постсавецкай прасторы, калі б Беларусь — давайце шчыра казаць, адно з слабых зьвеньняў у гэтым ланцугу — не атрымала б Незалежнасьць? Гэта мог бы быць “югаслаўскі” варыянт. Дзякуючы, сапраўды, таленту Пазьняка, дзякуючы прадбачаньню, ўдалося зрабіць тое, што зроблена. Роля яго ня толькі ў стварэньні Фронта, што быў ўзьняты сьцяг Адраджэньня, што адкрытая была праўда пра Курапаты, што і паслужыла каталізатарам для абуджэньня ўсёй нацыі, — той момант на фоне падзеяў быў надзвычайна важным. Гісторыя давала нам тры дні. Курапаты ў гэтым жа рэчышчы трэба разглядаць. Мы памятаем, як гэта ўсё было. Спачатку Пазьняком была работа праведзеная — раскопкі, сабраныя доказы, а пасьля гэтага гэтыя жахлівыя факты былі апублікаваныя. І гэта сапраўды тады абудзіла беларускае грамадзтва, пачаўся вызвольны рух, і сёньня Курапаты — гэта апірышча духоўнае для нас, для беларусаў, бо не зразумеўшы, якую трагедыю перажыў беларускі народ пад усімі гэтымі акупацыямі, немагчыма нам рухацца наперад. І немагчыма змагацца з той навалай, якая сёньня ёсьць, бо тады будзе дэзарыентацыя. Будуць вадзіць на Бангалор, адхіляць ад важнейшых праблемаў (а важнейшая праблема — палітыка расейскай імпэрыі), і фактычна аддаваць беларусаў на вынішчэньне”.
Караткевіч: “Як павінна адбывацца заяўленая вашай партыяй шэсьце ў Курапаты?”
Беленькі: “Традыцыйна збор удзельнікаў каля гадзіньнікавага заводу ў 10:30, у 11 пачатак шэсьця ў накірунку Курапатаў, па традыцыйным маршруце па праспэкту Скарыны, далей па вуліцах Каліноўскага, Карбышава і на Курапаты. У Курапатах у 14:30 — мітынг, пасьля мітынгу — усталяваньне крыжоў, людзі запаляць сьвечкі, пакладуць кветкі. Будуць малітвы. Гэта традыцыя, якую мы захоўваем”.
Караткевіч: “Юрась, раней вельмі часта беларускамоўных, калі іх яшчэ было менш, называлі нацыяналістамі ці “бэнээфаўцамі”. Я сама сутыкалася, калі ў цягніку едзеш у Менск і гаворыш па-беларуску, пытаюцца — “Вы з БНФ?”. Мы правялі наконт гэтага апытаньне ў Горадні — як ставяцца да патрыятызму і нацыяналізму?”
Беленькі: “Цікава, што падобныя пытаньні задаваліся і на онлайн-канфэрэнцыі. Значыць, грамадзтва цікавяць такія пытаньні. І паглядзіце раскід думак. І гэта не выпадкова. Калі паглядзець пачатак нашага нацыянальнага Адраджэньня, як камуністычныя ўлады БССР і СССР скажалі і адвольна трактавалі гэтыя паняцьці 00 і патрыятызм, і нацыяналізм. І разьбежка была вельмі вялікая. Вы паглядзіце, як у некаторых эўрапэйскіх краінах кажуць, што “патрыятызм — апошні прытулак нягоднікаў”. Вядомае выслоў'е. У некалькіх адказах прагучала ключавое слова — любоў. Давайце паставім знакі роўнасьці: патрыятызм — роўнае нацыяналізм — роўнае любові да Радзімы. Адкінем усё наноснае, што ворагі спрабуюць накінуць. Толькі так глядзець на гэтыя паняцьці, на гэтыя зьявы, і толькі так усьведамляць, што стаіць за гэтымі зьявамі. Калі будзе так, гэта прынясе толькі дабро грамадзтву, і супольнасьцям этнічным у Беларусі, і тытульнай нацыі”.
Караткевіч: “Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ і яе лідэры часта называюцца ў якасьці непрымірымых крытыкаў іншых палітычных лідэраў альбо палітычных беларускіх структураў, у тым ліку апазыцыйных. Юрась, а што-небудзь крытычнае на адрас сваёй партыі Вы б сказалі?”
Беленькі: “Сказаў бы — у свой адрас. Ацэньваючы той патэнцыял, які дадзены мне Богам, лёсам... Я маю на ўвазе дэпутацкую практыку. Выбачайце, не хачу нікога пакрыўдзіць, але я прайшоў дадатковы ўнівэрсытэт, вельмі моцны, вельмі насычаны. Я пабачыў са сваімі калегамі — Занонам Пазьняком. Папковым, Крыжаноўскім, Навумчыкам, Шутом і іншымі, — пабачыў тое, што іншыя ня бачылі. Вось валодаючы такім вопытам, я павінен прызнаць, што я свае веды, набытыя тады, выкарыстоўваю далёка не напоўніцу. Якія мэханізмы дзеяньня ўлады, якая фактычна ўзяла тыя камуністычныя мэтады, якая матывацыя дзеяньняў гэтай ўлады? Бо я ж і мае калегі ўсё гэта бачылі, мы сутыкаліся з гэтымі людзьмі і ўсё гэта ведаем. Грамадзтва, на жаль, ня мела такой магчымасьці”.
Караткевіч: “На якое пытаньне Вы б хацелі адказаць, а яго не задаюць?”
Беленькі: “Пытаньне кшталту — спадар Юрась, калі будзе той дзень, калі ўсе беларусы возьмуцца разам за рукі, як гэта ў свой час зрабілі эстонцы, латышы, літоўцы, ды засьпяваюць свае родныя песьні, як гэта рабілі названыя народы? І гэта ня толькі сцэмэнтуе нашую нацыю, але абсалютна зьменіць якасна ўсю сытуацыю і ў грамадзтве, і ў палітыцы ў прыватнасьці? А адказаў бы я такім чынам. Дарагі слухач, ці слухачка! Вось калі ты разам са сваёй сям'ёй вывучыш гэтыя песьні, калі вы замест “Вот кто-то с горочки спустился...” будзеце сьпяваць нашае роднае, беларускае, калі вы будзеце гэтым жыць, і выхоўваць дзяцей, і жыць гэтым будуць вашыя суседзі і знаёмцы — вось тады і адбудуцца гэтыя якасныя, незваротныя зьмены ва ўсіх сфэрах жыцьця, у станоўчым, у добрым сэнсе”.
(Паводле Радыё Свабода)