29 кастрычніка 2007“НІШТО НЯ СПЫНІЦЬ БЕЛАРУСІ”(выступ на мэмарыяльным мітынгу ў Курапатах)Дарагія землякі, дарагія беларусы!Сёньня, як заўсёды, мы тут, у трагічным і знакавым месцы, дзе прышлыя чужаніцы расстрэльвалі наш народ. Курапаты — гэта народныя магіла, сымвал нашага народнага вынішчэньня. Але ў 1988 годзе, калі былі адкрытыя Курапаты, гэты знак адчыніўся нанова, стаўся сымвалам народнага ўваскрашэньня. Менавіта з адкрыцьця праўды пра Курапаты пачалося новае Беларускае Адраджэньне. Якраз адсюль і з гэтага часу пачаўся Беларускі Народны Фронт. Беларусь уваскрэсла, паўстала з магілы, куды яе ўжо амаль загнаў маскоўска-бальшавіцкі вораг чалавецтва. Курапаты — зямля сьмерці — сталі прадметным месцам беларускага ўваскрашэньня.Найперш гэтую зьяву адлюстроўвае Курапацкі Крыж Пакуты — сымвал аднаўленьня і вечнага жыцьця, сымвал, які народ стварыў сам. А сымвал, як вы ведаеце, незьнішчальны. Могуць часова разбурыць яго форму, але немагчыма зьнішчыць значэньне і зьмест.У Дзень Дзядоў, памятаючы мінулае, ёсьць сэнс гаварыць пра будучыню, якая залежыць ад тых, што жывуць. Бо ведаем: толькі той народ, які шануе продкаў, мае прышласьць. Нашая прышласьць будзе належыць нашаму народнаму адраджэньню. Няма іншага шляху ў будучыню, як адрадзіць нашу нацыянальную культуру, нашу нацыянальную дзяржаву, нашу вялікую беларускую мову, нашу магутнасьць, веліч і моц. Няма іншай альтэрнатывы, як духоўна адрадзіцца і з годнасьцю жыць. Усе іншыя прапановы, думачкі і дарожкі — ідуць ад лукавага. Не хадзіце дарогай лукавага, бо ў канцы той дарогі — народная сьмерць!Калі Беларусь збавіцца ад чужароднага рэжыму, прыарытэтам у беларускай палітыцы павінна стаць нацыянальная асьвета і адукацыя маладога пакаленьня беларусаў. На гэта трэба будзе зьвярнуць галоўную ўвагу. Нічога вялікага і нават нічога нармальнага ня будзе дасягнута ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, пакуль не зьявіцца, пакуль ня вырасьце, не адукуецца новы, вольны беларускі чалавек, пакуль ня стане свабоднай наша культура і мова, бо ідэя і дух над усім.Цяперашняму пакаленьню беларусаў, што апынуліся пад прамаскоўскім рэжымам, трэба выразна ўсьвядоміць, што, пачынаючы з XVII стагоддзя ўсходняя імпэрыя пастанавіла зьнішчыць нашу дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае — і вынішчыць наш народ. І гэтая палітыка зьнішчэньня працягваецца па сёньняшні дзень.Вось мы сёньня тут у адным з тых месцаў, дзе забівалі цьвет нашай нацыі — інтэлігенцыю, творчых людзей, моладзь, вучоных. Вось тут масава расстрэльвалі сялян, простых людзей, беларусаў толькі за тое, што яны былі беларусамі.Курапаты ёсьць сьведчаньне расейскага генацыду і неабвержная ўліка масавага забойства людзей. Вось чаму нашчадкі ворагаў чалавецтва так стараюцца апаганіць масавыя магілы ў Курапатах, імкнуцца зрабіць тут дарогу, ламаюць крыжы, паскудзяць і гадзяць на сьвятым месцы. Задумаемся, хто гэта робіць, хто кіруе і чаму гэта робіцца пастаянна і мэтадычна? Гляньце — нават цемра ведае, што кожнае таптаньне магілы продкаў ёсьць стрэл у будучыню жывых. То што павінны рабіць жывыя, мы, асьвечаныя і адукаваныя? Рытарычнае пытаньне.Мы ведаем, што трэба рабіць. Ня будзе бясконца ўладарыць дрэнь. Кроў нявінна забітых вышла з зямлі на паверхню. Ужо ніхто ня зьнішчыць Курапаты і вечна будзе жыць Беларусь. Толькі трэба йсьці да яе шырокім шляхам, разам з продкамі, сьмела і салідарна, разам з тымі, хто загінуў за яе волю і за яе імя, як нашы сяляне, што былі беларусамі. Велічная мэта адраджае магутны дух. Сёньня за Беларусь ахвярна змагаюцца тыя, што валодаюць гэтым народным духам. Такіх людзей робіцца ўсё больш, і прыйдзе час, калі ў сваю абарону і за сваю нацыянальную будучыню стане ўвесь Беларускі народ. Гэта будзе.Нішто ня спыніць Беларусі. Толькі памятайма — наша сіла, магутнасьць і веліч у нашым мінулым. Каб асягнуць веліч будучыні, мы мусім узьняць нашу мінуласьць. Ніколі не павінна забывацца наша слава. Ніколі не павінны магілы продкаў зарастаць травой беспамяцтва. Народ — гэта метафізічны арганізм, што жыве ў вечнасьці. Мы — жывое пакаленьне — толькі яго авангард.Уславім жа нашых дзядоў тут, сёньня, у Курапатах. Хай будзе цьвёрдым наш крок, хай сьветлай стане будучыня нашай Беларусі.Зянон ПазьнякСтаршыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ28 кастрычніка 2007 г.