ПАРТУГАЛЬЦЫ ПРЫКЛАЛІСЯ “ДА РУЧКІ”

29 кастрычніка 2007 г. Нідэрляндская газэта “Het Parol” цытуе Пуціна. Пасьля нядаўняга саміту Расея — Эўразьвяз Пуцін раптам пачаў рабіць рэзкія заявы. Усталяваньне ў Эўропе амэрыканскага антыракетнага шчыта, паводле Пуціна, можа выклікаць новы кубінскі ракетны крызіс, як гэта было ў 1962 годзе. Газэта (як і СМІ ўсяго сьвету) тэарэтызуе наконт заяваў Пуціна пра ягонае прэм'ерства пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2008 г..

Наш камэнтар: Сорамна было глядзець, як у Партугаліі перад лубянскім гномам лісьліва кланяліся брусэльскія эўрачыноўнікі. Ён міласьціва дапускаў іх да ручкі і выслухоўваў камплімэнты. Саміт скончыўся, але лісьлівасьцю і падкрэсьленым халуйствам ім ня ўдалося зьмягчыць расейскую пагрозу. Ужо праз пару дзён з Крамля пачуўся рык на тэму “халоднай вайны” і ракетаў на Кубе. Тады авантура Хрушчова і ЦК КПСС штурхнула сьвет на ўскрай атамнай бездані. Цяперашні генсек ЦК ФСБ пагражае чалавецтву тым жа. А заходнія СМІ ў адзін голас усё разважаюць: куды падасца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Ул. Пуцін — на пасаду прэм'ера, а можа гендырэктарам у “Газпром”. Яны з гатоўнасьцю схапіліся за гэтую лубянскую навіну-пустышку, будуць абсмоктваць яе задаволеныя сабой. Няхай зірнуць на савецкую гісторыю і нават на стагоддзі расейскай імпэрскай гісторыі: ніводзін генсек і ніводзін цар дабраахвотна не пакідаў крамлёўскі трон ні на гадзіну! Іх выносілі з троннай залі ўперад нагамі, прымусова стрыглі ў манахі або выкідвалі высьпеткам пад зад “по состоянію здоровья” (Мікалай ІІ, Хрушчоў, Гарбачоў).

Юрка Марозаў