ДЭМАНСТРАЦЫЯ Ў КАРАКАСЕ
24 кастрычніка 2007 г. Дацкая газэта “Berligske Tidende” піша пра дэманстрацыю пратэсту ў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе. 20 тысячаў маладых вэнэсуэльцаў прайшлі пратэстным маршам праз цэнтар сталіцы і паспрабавалі прарвацца да будынка парляманту. Яны пратэставалі супраць спробаў прэзыдэнта Уга Чавэса зьмяніць канстытуцыю, каб падоўжыць прэзыдэнцкі тэрмін да 7 гадоў і атрымаць магчымасьць кандыдаваць яшчэ раз у 2012 г. Дэманстрацыя праходзіла мірна, пакуль маладыя не сустрэліся з невялікай дэманстрацыяй у падтрымку Чавэса. Як толькі завязалася бойка з гэтымі правакатарамі, паліцыя адразу ж напала на маладых.
Наш камэнтар: Мэтады сябручкоў Лукашэнкі і Пуціна аднолькавыя ва ўсім сьвеце: ламаньне канстытуцыі і “вечнае прэзыдэнцтва” над прыгнечаным народам. Даведаўшыся пра падступныя пляны дыктатара, вэнэсуэльская моладзь пайшла маршам пратэсту ў цэнтар сталіцы (заўважым — не “европейскім маршем” невядома за што і не на балотную плошчу на ўскраіне сталіцы). Мэтады правакатараў, якія падстаўляюць маладых пад удар рэжыму, таксама ўнівэрсальныя.
Юрка Марозаў