ШТОДЗЕНЬ АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫКІ
Вось тыповая схема акупанцкага нішчэньня сьведамай беларускай моладзі.
Гомель: Сёньня, 19 кастрычніка, суддзя Гомельскага абласнога суду Аляксей Шаміхін адхіліў скаргу моладзевага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі на 8-сутачны арышт і штраф 620 тысяч рублёў. Гэтак спадара Жалезьнічэнку пакаралі паводле стандартнага абвінавачаньня ў лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі.
17 верасьня ўвечары старшы лейтэнат міліцыі з патрульна-паставой службы Аскераў затрымаў у падземным пераходзе ля ўнівэрмагу выключанага з унівэрсытэту імя Ф. Скарыны студэнта-выдатніка матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку.
Напачатку моладзевага актывіста абвінавацілі ў згвалтаваньні (!) З Чыгуначнага райаддзелу міліцыі яго адвезьлі ў Цэнтральны раённы аддзел унутраных справаў, дзе склалі пратаколы, але ўжо нібыта за нецэнзурную лаянку й непадпарадкаваньне міліцыі.
У той жа вечар спадара Жалезьнічэнку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А назаўтра судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка пакарала моладзевага актывіста 8 суткамі арышту й штрафам.
Стала вядома таксама, што Міністэрства адукацыі Беларусі, куды зьвяртаўся выдатнік Жалезьнічэнка, адхіліла ягоную просьбу пра аднаўленьне ва ўнівэрсытэце.
(Паводле Радыё Свабода)