КАМУ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ — КАМУ “ДРУЖЭСТВЕННУЮ СТРАНУ”

18 кастрычніка 2007 г. Гішпанская газэта “El Pais” піша пра апошняе рашэньне гішпанскага парляманту. Парлямантары прагаласавалі за закон, паводле якога дзеці і ўнукі (прамыя нашчадкі) эмігрантаў часоў грамадзянскай вайны 1936-39 гг. атрымліваюць права на гішпанскае грамадзянства і ўладкаваньне ў Гішпаніі.

Наш камэнтар: Такім чынам сёньняшнія палітыкі імкнуцца загоіць цяжкую траўму даўняй нацыянальнай трагедыі. Гішпанскія эмігранты расьсеяліся па ўсім сьвеце. Дзесяткі тысячаў малых гішпанскіх дзяцей былі вывезены ў СССР у 1936-39 гадах. Некаторыя зь іх пражылі ўсё жыцьцё на Беларусі. Яны прызнаюцца, што ім пашэнціла: у дзяцінстве яны жылі разам у спэцыяльных дзіцячых дамах і потым падтрымлівалі сувязь між сабой. Дзякуючы гэтаму яны не забыліся родную мову і культуру. Аднак, на працягу дзесяцігоддзяў (да гарбачоўскай “перастройкі”) саўдэпія забараняла ім зносіны з радзімай. Яны нат ня ведалі пра лёс сваіх семьяў (вось такі “савецкі гуманізм”). Цяпер большасьць зь іх вярнулася на радзіму разам з дзецьмі і ўнукамі. Як бачым, дзяржава стварае ўсе ўмовы для іхнай рэпатрыяцыі. Які яркі кантраст з паводзінамі прамаскоўскага рэжыму на Беларусі! Лукашызм засяляе нашу краіну прыхаднямі, агрэсіўнымі чужынцамі, адстаўным і дзейсным расейскім афіцэр'ём і іншымі “спэцамі”. А беларусам, якія хацелі б вярнуцца на радзіму, дзьверы зачынены перад носам. Мацеркі распавядаюць, як яны прасілі за сваіх сыноў, што служылі афіцэрамі і падафіцэрамі ў расейскім войску, ля “параднага пад'езда” на Карла Маркса, 38. Найбольш цынічна паводзіў сябе зь імі “прісно памятный” лукашыст Булахаў. Ён кідаў нашым жанчынам: “Пусть служит, где служит. Россия — дружественная страна...”

Юрка Марозаў