НЕРАЗУМНЫ “ЭКСПРОМТ” ДЛЯ РАСЕЙЦАЎ

19 кастычніка 2007 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра канфлікт паміж менскім рэжымам і Ізраілем. Міністар замежных справаў Ізраэля Цыпі Ліўні “катэгарычна асудзіў” выказваньні Лукашэнкі аб габрэях, зробленыя ім падчас нядаўняй 4-гадзіннай прамовы перад расейскімі журналістамі.

Наш камэнтар: Нагадаем цытату з Лукашэнкі: “Если вы были в Бобруйске, вы видели, в каком состоянии город. Страшно было зайти, свинушник был. Это в основном еврейский город был. Вы знаете, как евреи относятся к месту, где они живут...” У Менску з пратэстамі публічна выступаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі. Яго адклікалі для кансультацыяў у Тэль-Авіў (сур'ёзны знак дзяржаўнага пратэсту).

Не ўпершыню беларусам даводзіцца выслухоўваць гнюснасьці і безадказныя заявы ад шклоўскага непрадказальнага чалавека. Але справа ня толькі ў неўраўнаважанасьці і беспакаранай расперазанасьці Лукашэнкі.. Успомнім ягонае публічнае ўсхваленьне палітыкі і асобы Адольфа Гітлера, шматлікія праявы нянавісьці да беларускага народу, нашай культуры і ўсяго беларускага. Людзі ўжо заўважылі, што вельмі часта гэта ня проста хваравіты экспромт начальніка дыктатуры. У абстаноўцы перадвыбарчага шабасу, які разыгрываецца ў Расеі (сапраўднай “родіне” і надзейным апірышчы антыбеларускага “прэзыдэнта”), Маскве вельмі важна зрабіць агрэсіўныя і правакацыйныя заявы ня толькі вуснамі Пуціна, але і ягонага менскага васала. Тым больш, што ў гэтым выпадку ня трэба клапаціцца аб наступствах. А “русскім людям” усё гэта спадабаецца.

Янка Базыль