ПУЦІН КРАСУЕЦЦА ПЕРАД ВЫБАРАМІ
19 кастрычніка 2007 г. Ангельская газэта “Times” публікуе артыкул пад тытулам “Уладзімір Пуцін сваімі “грандыёзнымі” плянамі даў сігнал распачаць ядзерную гонку ўзбраеньняў”. Маюцца на ўвазе мілітарысцкія заявы Пуціна на ягоным тэлемарафоне з насельніцтвам Расеі. Пра гэта, дарэчы, паведамілі ўсе СМІ сьвету. Журналіст Тоні Хэмпін дэманструе адэкватнасьць разуменьня пуцінскіх маналёгаў. Цытуем: “Пуцін заявіў, што Расея будзе разьвіваць новыя віды ядзернай зброі, ён папярэдзіў Амэрыку, каб яна не ігнаравала пярэчаньні Расеі на тэму ўсталяваньня антыракетнага шчыта ў Эўропе”. Далей: “Пуцін непасрэдна зьвязаў свае “грандыёзныя пляны” з амэрыканскай інвазіяй у Іраку. Ён апісаў інвазію як спробу амэрыканцаў ўзяць пад кантроль нафтапастаўкі і папярэдзіў, што Расея можа абараняць свае энэргарэзэрвы ад зьнешніх пагрозаў”. Яшчэ цытата: “Пуцін патлумачыў, што Расея хоча размясьціць свае ўзбраеньні, каб супрацьстаяць шчыту ў Польшчы і Чэхіі”.
Наш камэнтар: Ангельскі журналіст не ўдакладніў (ён, мабыць, не здагадваецца пакуль), дзе Пуцін зьбіраецца разгортваць свае “грандыёзныя” ядзерныя ўзбраеньні. Гэта пакуль што выходзіць па-за рамкі заяўленай у артыкуле тэмы. Але падобна, што над гэтым ня надта задумваюцца і палітыкі з генэраламі ў заходніх краінах. Нават малады сяржант, яфрэйтар і шараговец разумеюць элемэнтарнае: зьнішчальную зброю неабходна разьмяшчаць як мага бліжэй да ворага, каб лепш трапляць у мэту. Цікава, што натаўскія генэралы пакуль што пра гэта публічна не дыскутуюць (у іх з Масквой актыўнае “сотруднічество раді міра”). Спадзяемся, што да іх дойдзе, што найбольш набліжанай да Заходняй Эўропы пазыцыяй зьяўляецца ня толькі невялічкі Калінінградзкі анклаў РФ. Менавіта тэрыторыя нашай Беларусі (так званы “беларускі балкон”, што клінам навісае над суседнімі краінамі) зьяўляецца безумоўна найбольш спрыяльнай пазыцыяй для расейскага атаму. Нездарма Лукашэнка паўтарае, што “белорусы будут умірать за Россію” ды “мы не прапусьцім на Маскву натаўскія танкі”. Нездарма Масква непадзельна камандуе нашай нацыянальнай арміяй непасрэдна з мінабароны РФ і праз цемру расейскіх генэралаў-палкоўнікаў, якія атабарыліся ў беларускім войску на ключавых пасадах.
Складваецца такое ўражаньне, што заходнія СМІ і палітыкі агаломшаны мілітарысцкімі пуцінскімі заявамі, што яны не здагадваліся пра такое раней. А беларускія патрыёты ўжо на працягу гадоў тлумачаць ім пра расейскую ваенную пагрозу заходняй цывілізацыі. Патрыётаў часьцей за ўсё ня слухалі, ім ня верылі. Значна прыемней заходнікам было “мірно обшчаться” з усьмешлівым “адзіным лідэрам” Мілінкевічам, які гутапэрчава распавядаў, што “на Беларусі няма беспрацоўя” і “я обожаю всё русское”. Значна прыемней амбасадарам заходніх краінаў хадзіць на пусты і тупіковы “европейскій марш”, арганізаваны падстаўной псэўдаапазыцыяй. Яны, мабыць, паслалі ў свае сталіцы “пераможныя” рэляцыі.
Расея ў хуткім часе разгорне на тэрыторыі Беларусі сваю атамную зброю, накіраваную на дэмакратычныя дзяржавы, а яны ўсё гуляюцца з мясцовымі палітычнымі прайдзісьветамі ў “падтрымку аб'яднанай беларускай дэмакратыі”. Проста ў галаве ня месьціцца.
Юрка Марозаў