ВЯДЗЕРКА

Усё ціха на Бангалорскім балоце... Завяршыўся чарговы бангалорскі марш прамаскоўскай псэўдаапазыцыі. Насельніцтва паступова пачало забывацца пра шумную кампанію пад лёзунгам “Прыйшоў наш час! Усе на Кастрычніцкую плошчу — у Эўропу, у інтэграцыю!” Кампанія вялася на працягу больш чым трох месяцаў — такой працяглай “артпадрыхтоўкі” не прыпомняць нават вэтэраны мітынгаў і дэманстрацыяў. Але больш вопытныя людзі падказвалі маладым, што арганізатары павядуць іх традыцыйным маршрутам на Бангалор і пастараюцца па-прапагандысцку зрабіць з гэтага адступленьня пад даглядам міліцыі “магутны наступ на рэжым”. Так яно ў прынцыпе і сталася.

Пасьля “эўрамаршу” арганізатары наладзілі прэс-канфэрэнцыю. Там яны распавядалі пра “генэральную рэпэтыцыю выбарчага змаганьня” ды “як мы паказалі ўладам і Эўропе”... В. Вячорка сказаў на хвалі Радыё Свабода, што ім удалося сабраць на “марш” ад трох да сямі тысячаў чалавек. Нават зацікаўленыя ўдзельнікі прызнаюць, што на Бангалоры было можа каля тысячы. Але ня ў гэтым справа. Хлусіць і ўдаваць герояў на фоне дэманстрацыйнага пшыка маршавікам не прывыкаць, іх не аднойчы лавілі на фальшывасьці. Але нават “Свабода” пры ўсіх намаганьнях стварыць панэгірык на матар'яле чарговай псэўдаапазыцыйнай пустышкі вымушана была паведаміць пра кур'ёзны эпізод, што адбыўся на “пераможнай” прэс-канфэрэнцыі маршавікоў.

На прыканцы энтузіястычных рэляцыяў да В. Вячоркі падыйшлі прадстаўнікі студэнцтва і ўрачыста ўручылі яму вядзeрка з саўком. Ды патлумачылі, што гэта яны дораць яму дзеля прыборкі таго, што застаецца на Бангалоры (любімым месцы шпацыраў сталічных кінолагаў з калматымі любімцамі) пасьля выгулу сабакаў. Атрымалася няёмкая для маршавікоў паўза, моладзь сьмяецца з гэтай мізансцэны ўжо другі дзень.

Вядома, што моладзь ва ўсім сьвеце любіць кпіць і жартаваць. Клясік сьмехавога жанру Чарлі Чаплін сьцьвярджаў, што трэба ўмець жартаваць і сьмяяцца ў самых цяжкіх і драматычных сітуацыях жыцьця. Трэба прызнаць, што апошні жарт студэнцтва на тэму фальшывых маршавікоў быў у рамках прыстойнасьці і не вызначаўся мовэтонам. Аддалі вядзeрка з саўком, пасьмяяліся ды пайшлі сваёй дарогай.

Але ці варта? Ці варта было прыходзіць туды, сядзець там і слухаць хлусьлівыя маналёгі, цярпець да канца, каб потым несьці праз залю ў прэзыдыюм свой бангалорскі нацюрморт? На працягу гадоў Вячорка-Мілінкевіч-Лебедько пад камандай камуніста С. Калякіна вядуць знаёмую ўсім псэўдаапазыцыйную палітыку, карыстаюцца тымі ж спосабамі хлусьні і дэзінфармацыі. Яны езьдзяць у Маскву і Брусэль, каб наладзіць “інтэграцыю Беларусі ў Расею лепш за Лукашэнку” (цытуем іхныя заявы з газэтаў). Яны існуюць на гранты з маскоўскіх і заходніх лібэральных фондаў. Нічога не зьмянілася, усё тое ж. Зь імі даўно ўжо ўсё зразумела — яны ёсьць інтэгральная частка рэжымнай сістэмы. Гэтая частка праводзіць імітатарскую дзейнасьць з мэтай заблытваньня беларускага і міжнароднага грамадзтва. Апошні марш быў чарговым іхным фальшывым манэўрам, арганізаваным ва ўнісон з рэжымам. Нічога новага. Але зноў некалькі сотняў маладых беларусаў пайшлі за гэтай публікай пад чужымі сінімі сьцягамі. Зразумела, што некаторыя хацелі проста “патусавацца”. Але ж ёсьць і такія, што паверылі ў “эўрапейскасьць” маршавікоў і ад шчырай душы ўліліся ў бангалорскі марш. Потым сумленныя людзі перажылі расчараваньне і вырашылі высьмеяць арганізатараў фальшыўкі. Ім стала брыдка і яны кампэнсавалі сваё расчараваньне сатырычнай акцыяй.

На нашу думку, ня трэба больш “зачароўвацца” гэтай публікай (каб не расчароўвацца потым). Ня трэба падносіць ёй сымвалічныя прадметы і тым больш ня трэба кідаць у іх яйкамі або тартамі. Трэба раз і назаўжды зрабіць рацыянальную (бо на грунце жыцьцёвага досьведу) выснову — гэта ня ёсьць змагары і ня ёсьць змаганьне. І адвярнуцца ад іх, пакінуць іх з іхнымі грантамі, іхнай прадажнасьцю і імітатарствам. Не далучацца да іх ніколі, не падстаўляць сябе і не рызыкаваць за гэтую публіку, не ствараць для іх масоўку. Калі вінцучкі-мілінкевічы-лебедько застануцца самы, то і іхныя гаспадары адвярнуцца ад іх. Гэтая зьява зьнікне сама сабой ня гледзячы на сур'ёзныя фінансавыя ўліваньні ў яе. Бо змаганьне за дэмакратыю і за Беларусь базуецца не на “уліваньнях” і не на хлусьлівай дэмагогіі.

Трэба схамянуцца і не даваць выкарыстоўваць сябе надалей. Мусім шукаць шлях да Беларусі, далучацца да сумленных людзей, якія паказалі сваім жыцьцём, што служаць Праўдзе і не падманваюць народ, не даюць пустых абяцанак. Трэба станавіцца пад сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Трэба адкідаць рускамоўныя газэткі псэўдаапазыцыі, надрукаваныя ў Маскве і Смаленску (імі яны завалілі напярэдадні “маршу” увесь Менск). Дбайма пра Бацькаўшчыну, пра яе культуру і будучыню далучаймася да Беларускай Салідарнасьці.

Янка Базыль