“ЭЎРАМАРШ”

15 кастрычніка 2007 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” піша пра “евромарш” у Менску, дзе “1 тысяча маладых прайшла пад сінімі сьцягамі Эўразьвязу і нацыянальнымі сьцягамі”. Цытуе Мілінкевіча: “Шлях да вызваленьня Беларусі ляжыць праз Эўропу...” Найбольш цікавая аналітычная фармулёўка падаецца напрыканцы тэксту: “Лукашэнка пасьля нядаўніх канфліктаў з Масквой наконт таньнейшых энэрганосьбітаў паказаў большую схільнасьць да збліжэньня з Эўразьвязам”. Газэта спасылаецца на вядомы БелаПАН, які забясьпечыў аўстрыякаў інфармацыяй.

Наш камэнтар: Трэба зазначыць, што вельмі нямногія замежныя СМІ заўважылі “евромарш”. Мітусьлівая групка арганізатараў ўбухала ў праект процьму грошай (добра, што не сваіх), абклеіла ўсю Беларусь налепкамі пра “сбліженіе с властямі і Европой”, мабілізавала Радыё Свабоду і іншых “дэмакратаў” ад пяра і мікрафона. А ў выніку атрымаўся лакальны пшык у выглядзе тусоўкі на ганебнай плошчы Банлор на ўскраіне Менску. Найбольш пацешным (і ганебным) лёзунгам “маршу” быў, на наш погляд, наступны: “12 требований Евросоюза — в жизнь!” (Па-руску, вядома). Такой махровай капээсэсаўшчыны па форме і зьместу мы ня бачылі даўно.

Аўтаматычна рэстранслюючы інформпасылку з БелаПАНа, аўстрыякі нават не задумаліся над абсурднасьцю тэстаў: Лукашэнка, маўляў, схіляецца да Эўразьвяза і г.д. Можа “эўрапейскасьць” прамаскоўска-савецкай дыктатуры праявілася ў тым, што нядаўна яна падпісала з Масквой чарговую дамову ў рамках “калектыўнай бясьпекі”? Паводле гэтай змовы расейскія войскі і спэцчасткі могуць ўрывацца на тэрыторыю Беларусі, калі “паўстане небясьпека існуючаму ладу”. Расейскія магутныя ракеты вялікай дальнасьці (рухомая “сістэма Топаль”, усталяваная на машынах) ужо даўно катаюцца па Беларусі. Яны накіраваны супраць Вены і іншых заходніх гарадоў. Нішто сказаць, бліскучае “збліжэньне” з Еўразьвязам! Не кажам ужо пра шалёную русіфікацыю і рэпрэсіі супраць беларускай моладзі. Хаця аўстрыйскі эўратупізм — зьява ня сёньняшняга дня. Менавіта ў Вену рэгулярна езьдзіць “барэц за дэмакратыю” Марыніч і падпісвае там з расейскімі эмісарамі пагадненьні пра “абарону інтарэсаў Расеі ў Беларусі”.

Янка Базыль