Ю. БЕЛЕНЬКІ: “УСЕ ГЭТЫЯ БАНГАЛОРЫ — МЭХАНІЗМ ВЫПУСКУ ПАРЫ”

Паводле намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага, “Эўрапейскі марш” — гэта марнае хаджэньне, выпусканьне пары. Як ацэньвае спадар Беленькі той факт, што ўлады не разганялі акцыю?

“Навошта ўладам? Уладам трэба выпусьціць пару. Пусты марш не нясе небясьпекі акупацыйным уладам. Усе гэтыя бангалоры — гэта мэханізм выпуску пары і адвод ад барацьбы. Перавод стрэлак ад рэальнай праблемы ў пустую.

Гаварыць пра вяртаньне ў Эўропу — мы ёсьць Эўропа, мы эўрапейскі народ. Мы знаходзімся пад пэўнай формай акупацыі, вось пра што трэба казаць і за што змагацца.

Пераводзіць стрэлкі на іншае — гэта значыць падманваць людзей і адводзіць іх ад барацьбы за волю.

Беларусь мае праблемы. Калі ўсё зводзіць да аднаго — то гэта Расейская імпэрыя. І тутэйшы рэжым — вытворны. Уся палітыка праводзіцца сугучная гэтай імпэрыі.

Самае галоўнае, што калі ёсьць акупацыя і ёсьць сытуацыя зьнішчэньня ўсяго беларускага, то трэба змагацца супраць гэтай акупацыі. Астатняе — гэта ўсё адвод ад барацьбы”.

(Алесь Дашчынскі. Паводле радыё Свабода)