“РУСІФІКАТАРЫ” Ў БЕЛЫХ ХАЛАТАХ.

Нават у савецкі час у цэнтры Гомлі ўзвышаўся вялікі будынак рэстарана пад характэрнай назвай “Беларусь”. У наладжаным у апошнія гады спаборніцтве па грунтоўнай русіфікацыі горад над Сожам займае адно з лідэрскіх месцаў. Са сьцяны рэстарана садраны вялікі барэльеф з выявай беларусаў, якія танцуюць пад гармонік. Затое на агромністым шкле галоўнага фасада вялізазнымі літарамі выведзена новая, “больш актуальная” назва “заведенія” — “Европа” з каласальнай выявай знака валюты эўра. Што ж, актыўнасьць дастойная сумнавядомых арганізатараў “Европейского марша” у сталіцы.

У гомельскіх семьях вам пакажуць відэафільмы пра выпускныя ранішнікі ў дзіцячых садках. Дзеці, якіх накіроўваюць з садка ў школу, дэклямуюць вершы, паказваюць мізансцэны, танцуюць. На працягу ўсяго шоў аніразу не гучыць беларуская мова, няма ані ноткі беларускай мэлёдыі. Танцы — “цыганочка”, “прісядка” і “ярославскіе хороводы”. Трымаючы ў руках таблічкі з літарамі, дзеці становяцца ў шэраг і складаюць словы: “родина”, “счастье” и г.д. Імя нашай роднай Беларусі не згадваецца аніразу. Што праўда, слова “Россія” таксама не сустракаецца ў рэчытатывах. Але зразумела, якой “родіне” прысьвечаны шчыраваньні на акупанцкай расейшчыне. Такога німа нідзе ў сьвеце. Паўсюль разам з імем маці дзеці славяць імя сваёй роднай краіны, свайго народу. А тут адбываецца манкуртызацыя з першых крокаў жыцьця. Дарэчы, апошнім часам у беларускіх садках і школах актывізаваліся так званыя лагапеды. Раней задачай гэтых спэцыялістаў было выпраўленьне дэфэктаў вымаўленьня ў дзяцей. Цяпер дэфэктам лічыцца дзяржаўная беларуская мова, нават беларускі акцэнт. “Говорі правільно!” — шумяць на малых “русіфікатары” у белых халатах. Трэба ўсім народам супрацьпаставіцца духоўнаму зьнішчэньню беларускіх дзяцей.

Янка Базыль