ПРА “ВЗАІМОПОНІМАНІЕ І ОБШЧІЕ УСТРЕМЛЕНІЯ”

5 кастрычніка 2007 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведамляе з Бірмы. Спэцвысланьнік ААН Ібрагім Гамбары шчыра паведаміў пасьля візыту ў Бірму, што “гэта была няўдалая місія”. Ён сустрэўся ў кіраўніцтвам генэральскай хунты, а таксама з лідэрам бірманскай апазыцыі Аўн Сан Су Чы. Але гэта не спыніла дзікіх рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў. Дыпляматы і замежныя журналісты паведамляюць пра сотні забітых дэманстрантаў і 10 тысячаў арыштаваных. Начальнік хунты генэрал Тан Швэ заявіў, што хоча сустрэцца з Сан Су Чы.

Наш камэнтар: Трэба аддаць належнае нігэрыйскаму дыплямату Гамбары, які паведаміў сьвету аб сапраўдным становішчы ў Бірме і прызнаў, што не дасягнуў посьпеху ў справе ўлагоджваньня палітычнага канфлікту. Як гэта не падобна на жульніцкія паводзіны эўрабюракратаў і розных швэдаў з ААН, якія рэгулярна зьяўляюцца ў Беларусі. Яны нават не сустракаюцца з прадстаўнікамі змагарнай нацыянальнай апазыцыі. Ім дастаткова рытуальна засьвяціцца разам з бонзамі прамаскоўскага рэжыму і вінцучкамі-лебедько з прамаскоўскай жа псэўдаапазыцыі. Вярнуўшыся ў свае офісы, гэтыя ваяжоры даюць справаздачы пра “набліжэньне ўлады ў Беларусі да апазыцыі”, пра “крокі насустрач” і пра “канструктыўную ролю Масквы ў справе беларускай дэмакратыі”. Падкупленым на расейскія грошы лібэралам начхаць на лёс нашага народу і дзяржавы. Яны “выконваюць важную місію”, ім ня важныя “нюансы”.

Ёсьць яшчэ аспэкты параўнаньня дзьвюх нацыянальных трагедыяў. Ужо вядома, што Сан Су Чы грэбліва адмовілася сустракацца з начальнікамі генэральскай хунты. Сапраўдная апазыцыя ня бачыць сэнсу ў такой сустрэчы, калі вуліцы заліты крывёй, а за кратамі пакутуюць патрыёты. Мы добра памятаем, як на фоне антыбеларускай палітыкі і рэпрэсіяў у 1999-2000 гг. псэўдаапазыцыя (В. Вячорка, А. Лебедько і інш.) рэгулярна сустракалася з кіраўнікамі антыбеларускага рэжыму. Яны “міло беседовалі” у адным са сталічных піўных рэстаранаў. Гэта былі патаемныя сустрэчы, арганізаваныя сумнавядомым Гансам Вікам, начальнікам місіі АБСЭ на Беларусі (тайная дыпляматыя даўно лічыцца ў цывілізаваным сьвеце вельмі сур'ёзным злачынствам). Бірманскія патрыёты-змагары адмовіліся сустракацца з забойцамі народу і апэляваць да іх аб літасьці.

Які кантраст з нікчэмнымі паводзінамі арганізатараў “Европейского марша”. Яны не пасаромеліся надрукаваць у “Нар. Волі” свой зварот (на акупанцкай расейскай мове) да “жалезнай дамы” рэжыму Пяткевіч. У звароце яны прыніжана нагадваюць пра “взаімопоніманіе і обшчіе устремленія” ды просяць рэжым далучыцца да іхнага “Евромарша”. Ад гэтай лісьлівасьці стала брыдка нават цынічнаму рэжыму. Некаторыя з падпісантаў “еврочелобітной” праз пару дзён атрымалі адэкватны адказ. Пасьля чарговага банкету ў менскім рэстаране “Памідор” іх ўзялі пад мікіткі і завезьлі ў выцьвярэзьнік (“дэмакратычныя” СМІ падалі гэта як прыклад “палітычных рэпрэсіяў”). Сіньёраў-памідораў у хуткім часе выпусьцілі. І яны “нічтоже сумняшеся” пачалі даваць прэс-канфэрэнцыі пра “Евромарш” і неабходны ўдзел у ім “беларускіх уладаў”.

Юрка Марозаў