КАСТРЫЧНІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

14 кастрычніка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Шлях да сябе” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. С. Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра палітычныя і эканамічныя гульні, у якія Расея ўблытвае нашу Беларусь. У чарговы раз да Лукашэнкі прыязджалі крамлёўскія ваяжоры і выстаўлялі праграму ягонага ўдзелу ў расейскіх палітычных працэсах. Увесь беларускі народ раптам адчуў на сабе “прамы адказ” начальніка на крамлёўскія прапановы. Па ўсёй краіне зьніклі харчовыя прадукты мясцовых прадпрыемстваў, крамы прапануюць амаль выключна прадукцыю з атручаных Чарнобылем раёнаў. Людзі зразумелі, што якасную беларускую прадукцыю прамаскоўскі рэжым накіраваў у Расею, каб стварыць тамака “электаральную сітуацыю”. А беларусам пакінулі зараджаныя радыёнуклідамі прадукты (якія ўжо ня хоча спажываць “братняя Расея”).

Ненармальная залежнасьць Беларусі ад Расеі праявілася таксама ў скачку цэнаў — адразу пасьля таго, як цэны падскочылі ў Расеі. У суседняй імпэрыі адбываюцца працэсы, аб якіх папярэджвалі разумныя эканамісты. Высокія цэны на нафту (якія дазволілі ўзбагаціцца маскоўскай дзяржмафіі) урэшце ўвайшлі ў цану прадукцыі і адбіліся на мільёнах простых грамадзянаў. Закладнікамі гэтай шалёнай палітыкі стаў беларускі народ. Наперадзе магутны сацыяльна-эканамічны крызіс у Расеі (пра гэта заяўляе шэраг назіральнікаў), які безумоўна адабьецца на беларускай эканоміцы. Важна адзначыць, што суседняя Украіна, разумеючы гэтую небясьпеку, яшчэ больш адарвалася ад расейскай імпэрыі. Як выказваюцца ў Крамлі: “Продолжилось отсечение Украины от России...” Каляніалісты не саромеюцца прызнаваць, што яны працягваюць разглядаць Украіну як неад’емную частку сваёй імпэрыі. Але насуперак іхным спробам украінская нацыя зрабіла яшчэ адзін важны крок да поўнай незалежнасьці. Вынікі парляманцкіх выбараў не былі поўнай перамогай патрыётаў, але яны не дазволілі антыўкраінскім сілам апанаваць уладу ў краіне. Неабходна сарваць пляны антыбеларускіх сілаў зрабіць рэванш у нашай краіне. У бліжэйшыя месяцы ў сувязі з электаральнымі спробамі групоўкі Пуціна застацца пры ўладзе беларусам трэба быць гатовымі да абароны сваёй радзімы ад імпэрскіх правакацыяў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра кампанію русіфікацыі і асіміляцыі, разгорнутую антыбеларускім рэжымам перш за ўсё ў дзіцячых і навучальных установах. Дзяцей і моладзь адрываюць ад роднай культуры і мовы, спрабуюць запоўніць душы маладых расейскім сурагатам. Гэбоўскія структуры праводзяць масавыя анкетныя апытаньні на тэмы “як вы ставіцеся да Міністэрства унутраных справаў РБ?”, “каму вы больш давяраеце: МУС або апазыцыйным партыям?” і г.д. Вядома, што большасьць анкетуемых выказвае свой недавер рэжыму і ягоным прадстаўнікам — маладыя не прымаюць нуду і маразм прамаскоўскай дыктатуры. Не знаходзяць таксама станоўчага водгуку спробы правальнай прамаскоўскай апазыцыі мабілізаваць моладзь на “европейскій марш” і іншыя фальшывыя мерапрыемствы падстаўных. Людзі ўсё больш выразна бачаць, што псэўдаапазыцыя зьяўляецца неад’емнай часткай антынароднага рэжыму.

Была абмеркавана падрыхтоўка да мэмарыяльных мерапрыемстваў на сёлетнія Дзяды. Беларусы павінны гуртавацца на грунце роднай культуры і мовы, нацыянальнай еднасьці і сапраўдных каштоўнасьцяў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

14 кастрычніка 2007 г.