ДЫВЕРСІЯ Ў КУРАПАТАХ

Уначы ў нядзелю 7 кастрычніка злачынцы зламалі Беларускі Крыж Пакуты ў Курапатах. У кантэксьце ацэнкі — гэта сьвятакрадзкі акт вандалізму, які падлягае крымінальнаму пакараньню. Сымволіка Крыжа вельмі моцная, яна не зьнішчальная вандальскімі дзеяньнямі. Нагадаю, што гэты Крыж быў створаны Народным Фронтам і прынесены на руках народам (дзясяткі тысяч чалавек) праз увесь горад (агулам 8-9 км) і ўсталяваны перад уваходам у Курапаты, асьвечаны сьвятарамі чатырох беларускіх канфэсіяў. Быў адслужаны малебен у прысутнасьці велізарнай колькасьці людзей за душы ўсіх расстраляных.

У 50-я, 60-я гады я быў сьведкам зьнішчэньня крыжоў бальшавікамі ў капліцах, пры дарогах, на памятных месцах. Мае ўражаньні з таго часу — цалкам містычныя. Усе, хто пілаваў і зьнішчаў сьвятыя крыжы, скончылі неўзабаве наглай сьмерцю, калецтвам, вар'яцтвам. Для мяне гэтае пытаньне ўжо даўно не дыскусійнае. Сымвалічная моц Курапацкага Крыжа настолькі магутная і фармальна (а гэта значыць, у дадзеным выпадку — эзатэрычна) угрунтаваная, што Крыж абараняе сябе сам. Вельмі сімптаматычная заканамернасьць аб неўнікнёнасьці пакараньня.

З другога боку я ўпэўнены, што гэтая зьява (як і ўсе аналягічныя разбурэньні) ёсьць не выпадковае варварства, а вынік сплянаванай у рускім “гэбэ” вайны супраць Беларусі, дзе пытаньню нішчэньня Курапатаў (сьведчаньня іхных злачынстваў) нададзена першаступеннае значэньне. Але на вайне, як на вайне. Урэшце рэшт разбуральнікі будуць злоўленыя.

Зянон Пазьняк