ЗАРАБІЛІ НА СУД І ПАКАРАНЬНЕ
29 верасьня 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” публікуе артыкул, прысьвечаны Артуру Радванскаму, былому вязьню Асвенцыма. Радванскі распавядае, як працаваў у шпіталі канцлягеру. Як некалькі разоў бачыў знакамітага “доктара Сьмерць” Мэнгеле і нават размаўляў зь ім. Мэнгеле праводзіў на жывых людзях дзікія антычалавечыя экспэрымэнты. Называў гэта “навукай”.
Наш камэнтар: На працягу дзесяцігоддзяў пасьля вайны гэтага Мэнгеле шукалі па ўсім сьвеце, каб судзіць і пакараць. Ён вымушаны быў хавацца ад правасуддзя да самай сьмерці, жыць у джунглях Лацінскай Амэрыкі, мяняць выгляд плястычнай апэрацыяй і г.д. Беларусы добра памятаюць “героя савецкага саюза” мясцовага генсека Слюнькова, іншых бальшавіцкіх начальнікаў, якія з Масквы і Менска аддавалі злачынныя загады пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Народ памятае шэраг мясцовых мэдычных аўтарытэтаў і агітатараў, якія называлі Чарнобыль “пустяком” і заклікалі ратавацца ад радыяцыі пад шыракаполымі капялюшамі. Яны казалі і кажуць пра “навуку”. У апошнія гады мы перажываем агучаны прамаскоўскім рэжымам пэрыяд “рэабілітацыі Чарнобыля” (“всё в порядке, товарішчі, здесь можно жіть і пітаться...”). Чарнобыльскія мэнгеле нідзе не хаваліся і не хаваюцца. Яны зрабілі кар'еру на народным няшчасьці, камфортна існуюць у структурах лукашызму або на пэнсіі. Але яны таксама зарабілі на справядлівы суд і справядлівае пакараньне.
Юрка Марозаў