“НІХТО НІЧАМУ НЕ НАВУЧЫЎСЯ”.
Памятаем, як у далёкім 1990 годзе Беларускі Народны Фронт зьвярнуўся да індывідуальных прадпрымальнікаў (тады паўсюль узьнікалі каапэратывы) па дапамогу на выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет яшчэ БССР. Шмат хто дапамагаў паперай і іншымі сродкамі. Запомніліся і кур'ёзныя выпадкі. На сходзе прадпрымальнікаў Ленінскага раёну адзін з прысутных нэпманаў крычаў-надрываўся: “Ребята, а нам-то что? Какая нам разница, чья власть?! Мы — торгаши! Мы торгаши! Пусть сами разбираются...”
Настаў час і разабраліся. Ужо шэраг гадоў рэжым вядзе плянамерны і сістэматызаваны пагром беларускага бізнэсу ўсіх узроўняў. Пачалі з разгрому лакальных рынкаў у розных гарадах і мястэчках. Там, дзе кіпела жыцьцё па законе “тавар-грошы-тавар”, засталіся пустыя прасторы. Тысячы эканамічна актыўных (але палітычна наіўных) людзей засталіся без працы. У апошнія месяцы антыбеларускі рэжым разгарнуў зачыстку на самым вялікім і папулярным у Меснку ўнівэрсальным рынку ў Ждановічах. Пакупнікі, што прызвычаяліся езьдзіць у гэтую гандлярскую Мэку, убачылі бязрадасны краявід: зачынены або зьніклі зусім дзесяткі гандлёвых фургонаў. Людзям з досьведам зразумела, што нехта вырашыў пазбавіцца ад гэтай зьявы зусім і канчаткова.
Чаму наладжваецца пагром гандлёвага цэнтру, які выгадны ўсім? Аказваецца, лукашысцкая эліта сталіцы прыняла рашэньне пабудаваць у кожным раёне Менску па вялізазнаму гіпермаркету. Зразумела, што валодаюць гэтымі гіперзьявамі выключна “своі ребята” з памянёнай эліты. Дробныя дзеячы НЭПа, якія на працягу гадоў тварылі камэрцыйныя цуды ў сваіх паходных фургонах, уяўляюць сабой канкурэнцыю і пагрозу для гіпермаркетаў. Заўважана, што цэны ў мафійных гіпермаркетах вельмі высокія і ня вытрымліваюць канкурэнцыі з дробным дынамічным гандлем. Вось тут і ўмяшалася памянёная ў даўнім 1990-м годзе “власть”. Яна душыць гандляроў разам з фургонамі. Уключыліся ў працэс і падстаўныя гэбоўскія агенты. Яны ўжо вывелі на бангалёрскае балота некалькі сотняў прадпрымальнікаў, зноў галасавалі і пісалі “челобітную” да “презідента Лукашенко”. Усё паўтараецца, ніхто нічаму не навучыўся.
Валеры Буйвал