“ГАЛОЎКА НЕ БАЛІЦЬ”

Старшыня Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы Ван дэр Ліндэн зьезьдзіў у краіны Балтыі і пашкадаваў расейцаў. 1 кастрычніка ён заявіў: “Падчас паездкі я заклікаў улады Эстоніі і Латвіі інтэграваць нацыянальныя меншасьці ў жыцьцё грамадзтва. ПАРЭ будзе ўдзяляць больш увагі на правы чалавека ў гэтых краінах”. Мабыць эўрачыноўнік спадзяецца на ленінскую прэмію і помнік у Маскве. Ня будзем гэтым разам згадваць пра сотні тысячаў агрэсіўных чужынцаў з Афрыкі і Азіі, якія атабарыліся ў Нідэрляндах (на радзіме Ван дэр Ліндэна), а таксама пра нянавісьць да іх з боку карэнных нідэрляндцаў. Зірнем крыху далей у гісторыю. Уявім сабе, што пасьля разгрому нямецкага фашызму і ліквідацыі нямецкага акупацыйнага рэжыму ў Нідэрляндах працягвалі б жыць сотні тысячаў нямецкіх акупантаў са сваімі семьямі, што яны называлі б галяндцаў лабусамі, плявалі б на іхную культуру і мову і г.д. Але ж не, нідэрляндцы пагналі са сваёй зямлі ўсіх нямецкіх акупантаў. Народ і спэцслужбы вызваленай краіны лавілі калябарантаў, што служылі акупантам. Многія зь іх былі павешаны па прысудах суда, многія сядзелі ў турмах. У добранькага Ліндэна не баліць галава аб чужых постакупацыйных праблемах. Няхай бы ён прапісаў усіх “русскоязычных” у сваіх Нідэрляндах. Мы б паглядзелі, як адрэагавала б на гэта мясцовае насельніцтва.

Янка Базыль