ТРОЙКА КІЛЕРАЎ СХАВАЛАСЯ Ў РАСЕІ

Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў 13 верасьня, што Расея блякіруе рассьледваньне справы яго атручваньня. Высьветлілася, што гатунак яду дыяксіна, якім труцілі Юшчанку, вырабляецца толькі ў Расеі. Расея адмовілася рабіць аналіз сваёй прадукцыі. Да таго ж украінская генпракуратура зьвярнулася ў расейскую генпракуратуру з патрабаваньнем выдаць трох былых супрацоўнікаў СБУ (спэцслужбы Украіны) нам. кіраўніка СБУ Ул. Сацюка і ягоных калегаў А. Палетуху і Т. Залескага, якія пасьля злачынства схаваліся ў Расеі. Менавіта на дачы Сацюка адбывалася злавесная вячэра, падчас якой атруцілі кандыдата на прэзыдэнта Юшчанку, расчышчаючы дарогу маскоўскаму сатрапу Януковічу. Калегі Сацюка падносілі Юшчанку атручаныя стравы. Сімпатыі гэтая тройка не выклікае. Але безумоўна, што ім можна і паспачуваць. Мабыць сапраўды Маскве няма каго выдаваць Кіеву, бо пасьля правалу спэцапэрацыі тройка выканаўцаў хутчэй за ўсё ўжо не жыве. Дарэмна “своі ребята” хаваліся ў Расеі. Трэба было бегчы здавацца ў прэзыдэнцкі палац у Кіеве і патрабаваць для сябе браніраванай камэры.

Валеры Буйвал