СВАБОДА І СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ НЕ ПРЫХОДЗЯЦЬ САМЫ САБОЙ
6 верасьня 2007 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” публікуе рэпартаж з Кубы. Журналіст сустрэўся і паразмаўляў з сацыёлагам Гэктарам Паласіясам, вядомым кубінскім дысідэнтам. Той заявіў рэпарцёру: “Хвароба Кастра спрыяе таму факту, што мы сёньня бліжэй да прарыву дэмакратыі на Кубе, чым калі-небудзь раней”. Паласіяс заклікаў апазыцыю аб'яднацца вакол прагрэсіўных рэформаў, адным з галоўных пунктаў якіх ёсьць вызваленьне 250 палітычных вязьняў.
Наш камэнтар: Беларусы, якія пабылі ў Баўгарыі ў 1980-я гады, распавядалі з усьмешкай пра дзіўную тэлерэакцыю баўгарскага грамадзтва, стомленага бальшавіцкім маразмам рэжыму Жыўкава. Як толькі з тэлевізара іграла урачыстая музыка і дыктар гукаў: “Увага, таварышы, перадаем важнае паведамленьне!”, уся краіна кідалася да экранаў у шчымлівым чаканьні — а раптам памёр абрыдлы Жыўкаў. Урэшце рэшт жывога яшчэ Жыўкава перакулілі маладзейшыя “члены політбюро”, пачалася баўгарская “перастройка”. Але аказалася, што пасьля падзеньня дыктатара свабода і дэмакратыя не насталі самы сабой. Уладу прыхапілі жулікі, прайдзісьветы, новае пакаленьне маскоўскай агентуры. І вось дагэтуль чарнаморская краіна ня можа выкараскацца з постбальшавізму, залежнасьці ад расейскай імпэрыі, вострых эканамічных праблемаў. У імпэце чаканьня сьмерці або зьнікненьня дыктатара людзі часта забываюцца, што момант зьнікненьня — гэта толькі першы крок да аднаўленьня і нармалізацыі нацыянальнага і дзяржаўнага жыцьця. Гэта толькі пачатак барацьбы і працы за дэмакратыю і вызваленьне ад маразма. Вось і многія кубінцы жывуць ілюзіяй, многія беларусы... А ў адказны момант паўстае пытаньне: як абараніць нацыянальную цывілізацыю ад хваткіх прайдзісьветаў, што навучыліся пілікаць пра дэмакратыю і правы асобы, што за гранты прадаюць Айчыну?
Валеры Буйвал